Аб праекце

2020 год стаў пераломным годам у гісторыі Беларусі. Ангажаваныя ў палітыцы беларусы ўжо звыкліся з тым, што выбары ў краіне як свабоднае волевыяўленне народа не існавалі больш за два дзясяткі гадоў. Таму мала хто чакаў, што чарговая электаральная кампанія, т. зв. прэзідэнтскія выбары, можа нешта змяніць. Аднак адбылося тое, чаго не планавалі ні ўлады, ні апазіцыя. Звычайная фальсіфікацыя, якая заўсёды мела месца на выбарчых участках і ў вышэйстаячых выбаркамах, чамусьці вельмі ўзрушыла народныя масы. Магчыма, глебу для такога ўзрушэння падрыхтавалі паводзіны лукашэнкаўскай ўлады, калі свет накрыла хваля каранавіруснай інфекцыі. Дэманстратыўнае грэбаванне здароўем людзей, прэзідэнцкае хамства, здзекі з захварэўшых і памёрлых ад ковіда выклікалі рэзкае і масавае незадавальненне. У сваю чаргу ўзаемадапамога, якую праявілі звычайныя людзі ў барацьбе з новай хваробай, дазволіла ім адчуць салідарнасць, прымусіла паверыць у тое, што яны могуць нешта вырашыць ва ўласнай краіне.

У Беларусі ў 2020 годзе пачала складвацца класічная рэвалюцыйная сітуацыя, калі нізы не хочуць жыць па-старому, а вярхі не могуць кіраваць па-старому. І адбылася рэвалюцыя, якая аднак была задушана. Сярод прычын паразы – негатоўнасць людзей, якія ўзначалілі пратэст ісці да перамогі, наіўнасць і інфантылізм вялікай колькасці простых удзельнікаў масавых акцый, неразуменне імі прыроды лукашэнкаўскай улады і, як вынік, нежаданне прадбачыць наступствы паразы паўстання: усталяванне дзяржаўнага тэрору, узмацненне палітычных рэпрэсій, пераслед за любую спробу праяўлення іншадумства.

Цяпер мы маем дзясяткі тысяч нашых суайчыннікаў, якія прайшлі лукашэнкаўскія засценкі, тысячы палітычных вязняў, сотні тысяч вымушаных эмігрантаў. Беларусь пазбавілася вялікай колькасці высокакласных спецыялістаў, кваліфікаваных працаўнікоў, людзей, якія хацелі лепшага жыцця для сябе і сваіх дзяцей у роднай краіне.

Эміграцыя гэта вялікае выпрабаванне для чалавека, якія ўсведамляе, што ён развітаўся з усім сярод чаго жыў, развітаўся з сябрамі і роднымі надоўга, калі не назаўсёды. Эміграцыя не можа быць нечым лёгкім, і даецца яна не кожнаму. Але варта прызнаць, што ў асноўнай сваёй масе беларусы з ёй спраўляюцца. Цягам прайшоўшага ад 2020 года часу яны стварылі шмат новых арганізацый, фірм, кампаній, фондаў. Навукоўцам яшчэ прадстаіць даследаваць феномен апошняй хвалі беларускай эміграцыі, якая цягнецца дагэтуль і якую дадаткова падштурхнула вайна ва Ўкраіне, развязаная Расіяй і падтрыманая лукашэнкаўскай уладай. Разам з тым ужо можна прызнаць, што менавіта гэтая хваля стварыла вялікую ў параўнанні з ранейшымі часамі беларускую дыяспару.

Дзякуючы новым тэхналогіям камунікацыі, менавіта цяпер беларуская дыяспара стала больш аб’яднанай, нават нягледзячы на розныя погляды на сучасную Беларусь, на ўжо зробленыя крокі, на разыходжанне ў ацэнцы тактыкі. Такое разыходжанне і розныя погляды сведчаць, што беларускі інтэлектуальны патэнцыял, беларускі чалавечы капітал у замежжы ўжо даволі высокія.

Менавіта таму ўзнік праект «Дыяспара.Info», дзе публікуюцца перш за ўсё матэрыялы пра беларусаў і для беларусаў, якія апынуліся за мяжой. Мэта праекта – данесці актуальную і дакладную інфармацыю для тых, хто ў сілу розных прычын апынуўся за межамі нашай Радзімы — Беларусі. «Дыяспара.Info» таксама ставіць на мэце спрыянне кансалідацыі беларусаў за мяжой, стварэнне моцных дыяспарных аб’яднанняў, якія змогуць дзейсна ўплываць на сітуацыю ў роднай краіне, якая сёння, на жаль, не з’яўляецца ні свабоднай, ні дэмакратычнай.

Даны праект не аддае перавагу ніякім поглядам, якія ёсць у беларускай палітычнай эміграцыі. Тут прысутнічаюць і паважаюцца любыя меркаванні, накіраваныя на ўмацаванне нацыянальна-дэмакратычных каштоўнасцяў, дзякуючы якім дыяспара беларусаў становіцца шматграннай і ў той жа час цэласнай супольнасцю, незалежна ад месца іх пражывання ў замежжы. Толькі моцная дыяспара ў стане спрыяць нацыянальна-дэмакратычным пераўтварэнням у роднай краіне, што мусіць стаць умовай бяспечнага вяртання на Радзіму соцень тысяч вымушаных эмігрантаў. Іх бясцэнны досвед жыцця ў дэмакратычных краінах спатрэбіцца Беларусі, існаванне якой паставіў пад пагрозу лукашэнкаўскі рэжым. Таму новая Беларусь пачынаецца з нас!