Еўропа прыгатавала тры млрд еўра для новай Беларусі
19 верасня 2022
505

У Еўропе праводзяць мяжу паміж рэжымам Лукашэнкі і беларусамі, заявіў выконваючы абавязкі генеральнага дырэктара Генеральнага дырэктарата Еўрапейскай камісіі Мацей Папоўскі 19 верасня 2022 года на Другім беларускім бізнэс-форуме ў Варшаве. Святлана Ціханоўская заклікала міжнародных партнёраў да патрымкі беларускага бізнэса.

Мы не пакідаем беларусаў, нягледзячы на вайну”, – запэўніў Папоўскі, паведаміўшы, што тры мільярды еўра “ляжаць на стале для новай Беларусі”. Пакуль жа працягнецца падтрымка беларусаў за мяжой, у прыватнасці, СМІ, бізнэс-супольнасцяў, Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ). Дапамагаюць гэтаму кантакты еўрапейскіх структур з офісам Святланы Ціханоўскай і кіраўніком Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўлам Латушкай

Трэба працаваць з тымі, хто быў вымушаны пакінуць Беларусь, так і з тымі, хто ў ёй застаецца, заявіў у сваю чаргу кіраўнік аддзела супрацоўніцтва Прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Хенрык Хюітфельд.

Паводле гэтага еўрачыноўніка, ЕС намераны падтрымаць каля 500 сярэдніх і малых беларускіх прадпрыемстваў да 2025 года. Пры гэтым, адзначыў ён, з 2020 года ЕС не супрацоўнічае з лукашэнкаўскім урадам, фіксуючыся на бізнэсах у выгнанні. З таго часу былі выданы два гранты для Асацыяцыі беларускага бізнэса за мяжой (АВВА) і стартап хабу ў Літве Imaguru.

Надалей плануецца правядзенне з АВВА кансультацый для беларускіх прадпрымальнікаў за мяжой, стварэнне разам з асацыяцыяй сервіса падтрымкі бізнэс-супольнасці, дапамога ў развіцці Imaguru. Рыхтуюцца да рэалізацыі праекты пры ўдзеле ЕГУ з кампаніяй ЕPAM і даследчым цэнтрам Beroc.

Глава дэлегацыі ЕС у Беларусі Дырк Шубель паведаміў, што па іх даследаваннях, у 2021 годзе 62% прыватных беларускіх кампаній думалі аб рэлакацыі з краіны, і каля траціны гэта зрабілі. З пачаткам расійска-ўкраінскай вайны каля пяці тысяч кампаній закрыліся ў РБ. Большасць з іх рэлацыраваліся ў Польшчу ці Літву, але ёсць і тыя, з’ехаў у Латвію альбо ў Эстонію. У асноўным гэта кампаніі ІТ-сферы, але ёсць і тыя, якія займаюцца вытворчасцю.

З сакавіка 2021 года ў Беларусі закрылася дзевяць тысяч суб’ектаў сярэдняга і малога бізнэса, распавёў прадстаўнік офіса Святланы Ціханоўскай Аляксей Аляхновіч. Две тысячы беларускіх бізнэсаў пераехалі ў ЕС, з іх 80% – у Польшчу, а 12% – у Літву. Паводле яго, адкрыць бізнэс у Польшчы лягчэй, чым у краінах Балтыі.

Разам з тым з праблемамі беларускія бізнэсмены сутыкаюцца і ў Польшчы. Так, з пачаткам вайны не ўсё банкі хацелі адкрываць беларусам рахункі, атаясамляючы грамадзян РБ, нават тых, хто знаходзіцца пад міжнароднай абаронай, з рэжымам Лукашэнкі, які выступіў суагрэсарам у вайне супраць Украіны. “Не трэба асаблівай падтрымкі, галоўнае, каб не было дыскрымінацыі”, – казалі выступаючыя беларускія прадпрымальнікі.

Падтрымаць беларускі бізнэс за мяжой заклікала міжнардных партнёраў і Святлана Ціханоўская, вітальнае слова якой да форуму транслявалася па відэа. Яна паведаміла, што для беларускіх бізнэсменаў плануецца стварыць у ЕС гарантыйны фонд, каб яны маглі атрымліваць там пазыкі. Таксама яна заклікала патрымліваць прадпрымальнікаў у РБ, якія ў сваю чаргу падтрымліваюць палітвязняў і іх сем’і.

Нагадаем, што 19 верасня 2022 года, у першы дзень работы бізнэс-форуму, кіраўнік Фонду «Асацыяцыя беларускага бізнэсу за мяжой» Яўген Буры і Фонду «Аб’яднанне ўкраінскага бізнэсу ў Польшчы» Яраслаў Раманчук падпісалі Мемарандум аб супрацоўніцтве.

20 верасня 2022 года форум павінен працягнуць сваю работу.