Беларускія праваабаронцы прызнялі палітвязнямі яшчэ дзевяцярых зняволеных
19 студзеня 2023
449

Дзмітрый Адарачкін, Андрэй Купрэеў, Вадзім Баранаў, Мікіта Маляр, Максім Палянскі, Пётр Пятруша, Руслан Красаў, Аляксандр Сініца і Аляксандр Труш прызнаны новымі палітзняволенямі. Агульная колькасць прызнаных палітвязнямі у Беларусі склала цяпер 1444 чалавекі.

Адарачкін, Купрэеў, Красаў і Труш сталі фігурантамі крымінальных спраў за “абразу” Аляксандра Лукашэнкі ці “паклёп” на яго. Вадзім Баранаў змешчаны пад варту па артыкулу 366 КК за нібыта пагрозу гвалтам у дачыненні да таго ж грамадзяніна.

Маляр асуджаны за сарваны з будынка чырвона-зялёны сцяг да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Палянскі прыцягнуты да такога ж пакарання за каментар у інтэрнэце ў адносінах да супрацоўніка МУС. Пятруша асуджаны за малюнкі ў бел-чырвона белых колерах у грамадскіх месцах да шасці месяцаў пазбаўлення волі. За малюнак на сцяне да палутара гадоў зняволення прыцягнуты Сініца.

Мы лічым пераслед і пазбаўленне волі названых асоб палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі”, – гаворыцца ў заяве праваабаронцаў, размешчанай на сайце Праваабарончага цэнтру “Вясна”.

Яны патрабуюць неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Адзначым, што колькасць прызнаных палітвязнямі ў Беларусі на 29 снежня 2022 года складала 1455 чалавек. Калоніі пакідаюць адны асуджаныя за “палітыку”, а на іх месца прыходзяць наступныя.