Супрацоўніца БДУІР затрымана за ўдзел у пратэстах
6 жніўня 2022
441

23-гадовую інжынера-праграміста Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Вікторыю Ждановіч затрымалі сілавікі за ўдзел у акцыях двухгадовай даўніны.

«Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне 23-гадовай Вікторыі Ждановіч. Дзяўчына працуе ў БДУІР інжынерам-праграмістам», – паведамляе тэлеграм-канал ліквідаванага лукашэнкаўскімі ўладамі Праваабарончага цэнтру «Вясна».

У «пакаяльным відэа» Вікторыя «прызнаецца» ў тым, што ў 2020 годзе ўдзельнічала ў акцыях пратэсту і перакрывала рух транспарту, а таксама была падпісаная на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы.

Паводле «Вясны», дзяўчына затрымана супрацоўнікамі ГУБАЗіК.

Вікторыя Ждановіч, згодна сайту БДУІР, уваходзіць у прафесарска-выкладчыцкі склад кафедры праектавання інфармацыйна-камп’ютарных сістэмаў. Студэнтам першай ступені вышэйшай адукацыі яна чытае курс “Тэхналогіі праграмавання”. Таксама ажыццяўляе кіраўніцтва курсавым і дыпломным праектаваннем.

Нагадаем, што на сёння беларускія праваабаронцы прызналі палітзняволеннымі 1262 чалавекі.