
Выстаўка плакатаў “Бел-чырвона-белы” днямі адкрылася ў сталіцы Польшчы і будзе праходзіць да 4 верасня 2022 года.
«Беларускае грамадства не прыняло вынікаў выбараў. Палякі вельмі падтрымліваюць беларусаў ад пачатку тых масавых пратэстаў. Нацыянальны цэнтр культуры праз мастацтва выказвае розныя формы салідарнасці і падтрымкі», – заявіла прэс-сакратарка Нацыянальнага цэнтра культуры Іаана Бальцэроўска.
Гледачам прадстаўлены плакаты-пераможцы міжнароднага конкурсу, які ладзіў польскі Нацыянальны цэнтр культуры разам з міністэрствамі культуры і замежных спраў. На конкурс прыслалі 243 працы, піша «Будзьма».
Першыя два месцы занялі палякі Каміль Скшыпец і Пётр Дэпта-Клесьта, а трэцяе месца — беларуска Яўгенія Мужава. Большасць плакатаў, якія адзначыла журы без прысуджэння месцаў, таксама падпісаныя польскімі прозвішчамі.
«Тэма адсутнасці свабоднага выбару і свабоды слова ў Беларусі вельмі мяне хвалюе. Я спрабую асэнсаваць, у якім стане апынуліся грамадзяне гэтай краіны. Нягледзячы на тое, што нас падзяляе пэўная адлегласць, я б хацеў, каб мае суседзі адчулі нашу падтрымку ў руху да свабоды. З самага пачатку я хацеў, каб плакат пакідаў прастору для разважанняў і не імкнуўся быць агрэсіўнай ацэнкай тэмы. Мая праца – шчырае пажаданне і падтрымка грамадству Беларусі ў цяжкай барацьбе за свабоду. Мне б вельмі хацелася, каб вашы мары спраўдзіліся», – цытуе Каміля Скшыпца Reform.news.
Фота: Reform.news і “Будзьма”
Матэрыялы па тэме: