Аб беларускіх палітвязнях і зруйнованыя польскія магілы казалі ў Беластоку
25 жніўня 2022
156

На акцыі 25 жніўня 2022 года, прысвечанай палітзняволеным актывістам Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) Анжаліцы Борыс і Анджэю Пачобуту, прысутныя патрабавалі іх вызвалення і спынення вайны лукашэнкаўскага рэжыму з памяццю аб загіблых салдатах Арміі Краёвай.

Ужо ў 17 раз праходзіла акцыя салідарнасці з палітзняволенымі актывістамі СПБ. У ёй, як звычайна, прымала актыўны ўдзел беларуская дыяспара. Такі пікет ладзіцца штомесяц 25 чысла, калі актывісты былі арыштаваныя. Пры гэтым кожны раз выступаючыя на пікеце нагадваюць пра агульную колькасць палітзняволеных у Беларусі, якая цяпер, па даных праваабаронцаў, больш за 1300 чалавек.

На акцыі, якая прайшла 25 жніўня, выступаючыя палякі і беларусы не маглі абыйсці ўвагай тое, што робіць лукашэнкаўскі рэжым у Гродзенскай вобласці, дзе акурат сёння былі знішчаны могілкі палеглых за адраджэнне польскай дзяржавы салдатаў Арміі Краёвай. Прысутныя не маглі стрымаць абурэнне дзеяннямі афіцыйнага Мінску, які напачатку стаў удзельнікам вайны супраць Украіны, а цяпер пачаў ваяваць з палеглымі ў бітвах амаль 80-гадовай даўніны польскімі патрыётамі.

«Ніякімі бульдозерамі не разбурыць памяць аб загіблых», – такі быў адказ на лукашэнкаўскае варварства. У той жа час некаторыя ўдзельнікі мерапрыемства лічылі, што такія злачынныя дзеянні рукамі беларусаў робіць расійскі Крэмль.

На акцыі таксама ўзгадалі і пра тое, што ў 1991 годзе ў гэты дзень Дэкларацыі аб незалежнасці Беларусі быў наданы статус канстутыцыйнага закона. Нажаль, з кожным днём ад яе застаецца ўсё менш.

Мірная акцыя прайшла спакойна, за выключэннем невялікага інцыдэнта напрыканцы. Сталага веку мужчына пачаў нейкую тэрытарыяльную спрэчку, але гэтая невялікая перабранка хутка спынілася. Магчыма, з-за большай імавернасці ўзнікнення падобных інцыдэнтаў паліцыі на сённяшняй акцыі таксама было больш, чым раней.

Нагадаем, што сёння ў весцы Сурконты Гродзенскай вобласці лукашэнкаўскія ўлады зраўнялі з зямлёй могілкі салдат Арміі Краёвай, якая змагалася супраць гітлераўцаў і савецкага войска за адраджэнне польскай дзяржавы.