Ад 4 да 14 гадоў калоніі атрымалі незалежныя журналісты па справе БелаПАН
6 кастрычніка 2022
154

Лукашэнкаўскія ўлады зноў вынеслі выракі з вялізарнымі тэрмінамі зняволення. Гэтым разам ад рэпрэсій пацярпелі журналісты інфармацыйнай кампаніі БелаПАН.

Галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына прыгаворана да чатырох гадоў калоніі. Былы генеральны дырэктар арганізацыі Дзмітрый Наважылаў – да шасці гадоў. Сацыёлаг і грамадская актывістка Ірына Злобіна асуджана на дзевяць гадоў калоніі, а яе муж, экс-намеснік дырэктара БелаПАН Андрэй Аляксандраў – на 14. Такое рашэнне 6 кастрычніка 2022 года вынес Мінскі абласны суд, разгледзіўшы справу за зачыненымі дзвярыма.

Падчас працэсу ніхто з іх не прызнаў сябе хоць у чымсьці вінаватым”, – сцвярджаецца на сайце Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ). 

Усім фігурантам інкрымінавалася “стварэнне і дзейнасць экстрэмісцкага фармавання”, хоць КДБ прызнаў інфармацыйную кампанію “фармаванннем” толькі 1 лістапада 2021 года. Пры тым што яны былі затрыманы значна раней – Леўшына і Наважылаў 18 жніўня 2021 года, а Аляксандраў і Злобіна – 12 студзеня 2021 года.

Аляксандраву і Злобінай спачатку абвінавацілі ў падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў беспарадках (за тое, што аплочвалі штрафы ўдзельнікам мірных пратэстаў). А потым яшчэ і ў “здрады дзяржаве”. 

Акрамя таго, па версіі ўлад, Аляксандраў і Наважылаў не сплацілі падаткі ад дзейнасці інфармацыйнага агенцтва ў эквіваленце 200 тыс. долараў на момант выстаўлення фінансавых прэтэнзій.

Беларуская асацыяцыя журналістаў ад першага дня лічыць “справу БелаПАН” цалкам палітычна матываванай. Прадстаўнікі выдання абсалютна законна выконвалі свае прафесійныя абавязкі і да самога арышту заставаліся прыкладам высокага стандарту беларускай журналістыкі. Завядзенне крымінальнай справы і агромністыя выракі па “справе БелаПАН” — нішто іншае, як помста прадстаўнікам выдання за сумленную працу і пазіцыю”, – гаворыцца ў тэлеграм-канале БАЖ.

Яшчэ раней праваабаронцы прызналі ўсіх фігурантаў палітзняволеннымі.

Фота: тэлеграм-канал БАЖ