Акцыя памяці аб загінуўшым ва Ўкраіне беларускім ваяры прайшла ў Беластоку
15 кастрычніка 2022
156

У польскім Беластоку некалькі беларусак з дыяспары правялі 15 кастрычніка 2022 года акцыю ў памяць аб беларускім байцы Міхаілу Шавельскім, які загінуў 10 кастрычніка 2022 года, абараняючы Ўкраіну ад расійскіх захопнікаў.

«Заўсёды будзем памятаць аб нашых героях, якія ахвяравалі сваім жыццём дзеля набліжэння нашай агульнай перамогі над пуцінска-лукашэнкаўскай цемрай. Героям слава!» – цытуе ўдзельніц акцыі тэлеграм-канал “Пагоня”.

Хлопцу быў 21 год і ён паходзіў з Гродна. У 2020 годзе з-за пераследу з боку лукашэнкаўскіх улад ён пакінуў Радзіму, а потым дабраахвотнікам пайшоў змагацца з расійскай навалай ва Ўкраіне.

Шавельскі служыў парамедыкам батальёну “Тэрор”. “Ён загінуў, намагаючыся выратаваць жыццё параненаму, калі прыляцеў аскепак“, – паведамляе тэлеграм-канал данага батальёна. У афіцыйным паведамленні яго байцы выказваюць свае шчырыя спачуванні сям’і і пабрацімам Міхаіла Шавельскага.

Міхаіл стаў першым гродзенцам, хто загінуў у 2022 годзе на расійска-ўкраінскай вайне. На сёння вядома пра 14 загінуўшых ва Ўкраіне беларускіх добраахвотніках, адзначае інтэрнэт выданне “Мост”.

Фота: тэлеграм-канал “Пагоня”