Акцыя салідарнасці са зняволенымі беларускімі прафсаюзнікамі прайшла ў Берліне
21 снежня 2022
146

Нямецкія беларусы і прадстаўнікі прафсаюзаў Германіі выйшлі на акцыю з патрабаваннем вызвалення з лукашэнкаўскіх засценкаў беларускіх прафсаюзных актывістаў.

Пікет прайшоў насупраць пасольства РБ і была арганізавана дыяспарнай асацыяцыяй «Салідарнасць». “Да акцыі далучыліся і прадстаўнікі Аб’яднання нямецкіх прафсаюзаў”, – адзначаецца ў паведамленні асацыяцыі ў Twitter.

20 снежня 2022 года ў Мінскім гарадскім судзе распачнецца разгляд справы супраць кіраўніцтва Асацыяцыі прафсаюзаў «Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў» (БКДП), нагадвае сайт “Салідарнасці”. Па ёй праходзяць — старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук, намеснік старшыні Сяргей Антусевіч і бухгалтар асацыяцыі прафсаюзаў Ірына Бут-Гусаім.

У залежнасці ад ролі кожнага, іх вінавацяць па двух крымінальных артыкулах: ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 3 арт. 361 (заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы).

Усе падсудныя цалкам прызналі сваю віну, піша праўладнае агенцтва Белта.

На даны момант пад следствам у следчых ізалятарах знаходзяцца 18 прафсаюзных дзеячаў. 17 актывістаў ужо атрымалі турэмныя тэрміны, а некаторыя з іх паспелі адбыць пакаранне і выйсці.

Раней у снежні 2022 года ў брэменскім офісе Аб’яднання нямецкіх прафсаюзаў (DGB) пачала працаваць выстава, прысвечаная палітзняволеным беларускім прафсаюзным дзеячам.