Акцыя салідарнасці з гуртом Tor Band прайшла на ўскрайку польскага Беластока
7 лістапада 2022
169

Прадстаўнікі дыяспары ў Беластоку выказалі падтрымку арыштаваным удзельнікам гурта Tor Band на беразе гарадскога возера.

Акцыя салідарнасці прайшла 6 лістапада 2022 года. На гарадскiм пляжы Дайліды яе ўдзельнікі разгарнулі бел-чырвона-белыя сцягі, а таксама плакаты салідарнасці з музыкамі гурта Tor Band, паведамляе ў Facebook група “Беларуская дыяспара Беластока”.

Некалькі асобаў традыцыйна на знак салідарнасці выкупаліся ў халоднай вадзе ў падтрымку смелых музыкаў гурта Tor Band і іншых мужных беларусаў, якія за свае палітычныя перакананні сядзяць ў турмах і на Акрэсціна. Мужныя беларусы, мы з вамi!” – гаворыцца ў паведамленні.

Беларусы Беластока перадалі словы ўдзячнасці ўсім тым, хто, нягледзячы на рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі, працягваюць барацьбу за перамены ў роднай краіне.

Па даных праваабаронцаў, 28 кастрычніка 2022 года ўдзельнікаў гурта Tor Band затрымалі ў Рагачове разам з жонкамі. Пяцярым прысудзілі арышт 15 сутак, а аднаму – штраф у 30 базавых велічынь (960 рублёў).  Музыкаў арыштавалі паводле арт. 19.11 КаАП за падпіску на “экстрэмісцкія” каналы і перасылку паведамленняў з іх. Tor Band — аўтары хітоў «Мы — не народзец», «Жыве», «Бацька».

Фота і відэа: Facebook групы “Беларуская дыяспара Беластока”