Актывістка дыяспары ў Варшаве спыніла арганізацыю нядзельных акцый з-за пагроз
13 снежня 2022
219

Пра нянавісць і пагрозы ў свой бок заявіла актыўная ўдзельніца суполкі “Беларусы Варшавы” Юлія Сліўко. Гэтым яна патлумачыла адмову ад далейшай арганізацыі акцый у сталіцы Польшчы, якія ладзіла паўтары гады.

Непажаданую ўвагу да сябе я адчувала заўсёды. Увесь час быў хэйт у мой бок. Дзесьці я рэагавала, дзесьці не рэагавала. Калі ўжо гэта пачало пераходзіць у пагрозы і не проста пагрозы: „Я цябе заб’ю!” ці яшчэ штосьці, а пагрозы ўжо сапраўдныя былі. Яны пісалі, што яны ведаюць, дзе я жыву, дзе я хаджу. Калі ўжо бачыш такое, то трохі становіцца неяк не па сабе. Адзінае, што хацелася б сказаць тым людзям, якія мне пагражалі, вы атрымалі тое, што хацелі, я адышла, але я працягну сваю барацьбу ў нейкім іншым напрамку”, – распавяла яна Радыё “Рацыі”, адзначыўшы, што  наступным разам, калі атрымае такія пагрозы, то пойдзе ў паліцыю.

У сваім Facebook актывістка напісала, што “першапачатковыя эмоцыі абурэння, нянавісці і болю адышлі… Увесь накал спаў….. Засталося толькі безразлічча і разуменне што ўсім харошым не будзеш”. “Ну а я са спакойным сумленнем, трапечучым сэрцайкам адыходжу ў дэпрэсію”, – паведаміла Юлія Сліўко, якая ў 2020 годзе была кіраўніком страйкаму „Гроднапрамбуда”. Затым з’ехала ў Варшаву.

Адзначым, што варшаўскія беларусы рэгулярна выходзілі штотыдзень на нядзельныя акцыі, прыцягваючы ўвагу да сітуацыі ў Беларусі.

Фота: Радыё “Рацыя”