Амерыканскія беларусы заклікаюць беларускія бізнесы да самарэкламы
22 снежня 2022
182

Адзін раз у месяц па аўторках беларусы-уладальнікі бізнесаў могуць прарэкламаваць сваю справу ў групе “Беларусы ЗША. Разам лягчэй” на Facebook, а таксама на адмыслова створаных сайтах.

Адзін аўторак у месяц мы стараемся ствараць пост, у каментарах пад каторым вы можаце распавесці пра сябе ці свой бізнэс. Калі ласка, дзяліцеся спасылкамі і фотаздымкамі”, – заклікае карыстальніца пад нікам Hanna Sharko ў пасце “Дзень самарэклямы”.

Акрамя таго там распавядаецца, што Асацыяцыя беларускіх суполак у Амерыцы стварае каталог беларускіх бізнесаў у ЗША. “Інфармацыя пра гэтыя бізнесы будзе размешчана на сайце арганізацыі, а ў будучыні плануецца правядзенне лакальных networking сустрэч, сэмінараў, лекцый з удзелам экспертаў і паспяховых беларускіх прадпрымальнікаў у ЗША, i г.д. Дадавайце сваю інфармацыю праз чат на сайце https://aba-together.org/business”, – гавырыцца ў паведамленні.

Таксама нагадваецца пра сэрвіс https://pasluga.com, які створаны з мэтай даць магчымасць беларусам, якія жывуць у Беларусі, знайсці сабе працу і атрымліваць за яе годную аплату, а таксама, як водгук на запыт беларускай дыяспары, якая часта сутыкаецца з цяжкасцямі пошуку, замовы і аплаты паслуг унутры Беларусі.

Паводле працы “Беларускі бізнес за мяжой” даследчага цэнтра BEROС, беларускім прадпрымальнікам за мяжой эфектыўна дапамогуць іх бізнэс-аб’яднанні.

У верасні 2022 года кіраўнік Фонду «Асацыяцыя беларускага бізнэсу за мяжой» Яўген Буры і Фонду «Аб’яднанне ўкраінскага бізнэсу ў Польшчы» Яраслаў Раманчук падпісалі Мемарандум аб супрацоўніцтве.

Як паведамлялася ў жніўні 2022 года, да чвэрці беларускіх прадпрымальнікаў-рэлакантаў не збіраюцца вяртацца ў Беларусь, нават у выпадку наступлення дэмакратычных пераменаў у ёй. Пра гэта сведчыць апытанне, праведзенае бізнэс-хабам Imaguru.