Арыштаваную лукашыстамі беларуску з Андоры вызвалілі за 24 тыс. еўра
21 верасня 2022
171

Абвінавачаная ў абразе Аляксандра Лукашэнкі жыхарку Андоры з Баранавічаў Вольга Манкевіч выйшла з-пад варты за 24 тыс. еўра, што можна разглядаць як хабар.

Нагадаем, што Вольгу Манкевіч арыштавалі 22 жніўня 2022 года і абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі пасля таго, як яна ў чарговы раз прыехала ў Беларусь. Зараз жанчына ўжо знаходзіцца ў Андоры.

Вольга Манкевіч дала інтэрвью YouTube-каналу “Обычное утро”, у якім распавяла, што напачатку ёй умянілі ажно пяць крымінальных артыкулаў, але дзякуючы працы адваката і грошам, колькасць іх зменшылася да аднаго. Потым яна выплаціла штраф і астатнія грошы, афіцыйнае прызначэнне выплаты якіх яна не назвала. Агульная сума выплачанага склала 24 тыс. еўра. У выніку Вольга Манкевіч была вызвалена з СІЗА.

Манкевіч адзначыла, што нічога з таго, што яна казала ў пакаянным відэа, акрамя пачуцця віны перад мужам, не было праўдай. Паводле жыхаркі Андоры, яе затрымалі па даносе былой каляжанкі, з якой яна перастала мець стасункі з-за разыходжання ў палітычных поглядах.

На пытанне вядучага, калі ў наступны раз яна збіраецца прыехаць у Беларусь, Вольга Манкевіч толькі перахрысцілася.