Асацыяцыя АВВА заклікала ў свае шэрагі новых сябраў
27 студзеня 2023
159

Старт набору новых сябраў Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой АВВА быў аб’яўлены на прэзентацыі арганізацыі ў Варшаве 26 студзеня 2023 года. Там жа агучылі план яе бліжэйшых дзеянняў.

Я ведаю, што беларусы маюць вялікі прадпрымальніцкі патэнцыял, як у Беларусі, так і ва ўсім свеце. Я хачу, каб нягледзячы ні на што, сумленныя людзі заўжды маглі казаць: “Ганарымся быць беларускім бізнесам!” – заявіў на прэзентацыі прэзідэнт ABBA Яўген Буры.

Як распавялі “Дыяспары.info” ў арганізацыі, там плануюць дапамагаць беларускім безнесoўцам у вырашэнні праблем вядзення бізнесу ў Польшчы, Прыбалтыцы, іншых еўрапейскіх краінах, перш за ўсё ў такіх пытаннях як легалізацыя, ускладнены доступ да крэдытных рэсурсаў, цяжкасці з адкрыццём банкаўскіх рахункаў. 

Сябры асацыяцыі будуць мець доступ да ўсіх навучальных івэнтаў ABBA, а таксама змогуць удзельнічаць у праграмах падтрымкі бізнесу ад партнёраў АВВА — Польскай нацыянальнай гандлёвай палаты і даследчага цэнтра CASE. У 2023 годзе ABBA плануе правесці два бізнес-форумы для беларускіх прадпрымальнікаў у Варшаве і Вільнюсе, а таксама два конкурсы бізнес-праектаў з прызавым фондам”, – адзначылі ў АВВА.

Той прадпрымальнік, які хоча стаць сябрам ABBA мусіць мець свой бізнес за мяжой (акрамя Расіі), быць у мінулым або цяпер беларускім грамадзянінам, падпісаць Кодэкс бізнес-этыкі АВВА, а таксама аплаціць гадавыя сяброўскія складкі. Іх памер залежыць ад велічыні кампаніі і колькасці супрацоўнікаў: адзін прадпрымальнік плаціць 99 еўра ў год, фірма з менш чым дзесяццю працаўнікамі 169 еўра ў год. Далей градацыя такая: фірмы памерам да 50 чалавек уносяць 349 еўра ў год, да 100 чалавек679 еўра, кампаніі з больш чым 100 супрацоўнікамі 999 еўра ў год. 

На прайшоўшым у Варшаве мерапрыемстве быў прадстаўлены новы брэндынг і фірмовы стыль асацыяцыі ABBA, выкананы ў чырвоным і белым колерах. Таксама бізнес-арганізацыя абяцае неўзабаве прадставіць новую версію свайго сайта.

Нагадаем, што 25 студзеня 2023 года на сустрэчы прадстаўнікоў кабінету Святланы Ціханоўскай з міністрам фінансаў Польшчы Магдаленай Жэчкоўскай была дасягнута дамоўленасць аб стварэнні агульнай працоўнай групы па падтрымцы беларускага бізнесу.

 19 студзеня 2023 года Святлана Ціханоўская заклікала ўдзельнікаў Міжнароднага эканамічнага форума ў швейцарскім Давосе спыніць любое супрацоўніцтва з праўладным бізнесам і блізкімі да Аляксандра Лукашэнкі людзьмі, але ў той жа час падтрымаць беларусаў у эміграцыі.