Асацыяцыя беларускіх ветэранаў расійска-ўкраінскай вайны з’явілася ў трох краінах
14 снежня 2022
173

Беларусы, якія ўдзельнічалі ў дабраахвотных фармаваннях Узброеных сіл Украіны, стварылі Асацыяцыю беларускіх ветэранаў (АБВ). Стасункі з Палком Каліноўскага ў новай арганізацыі пакуль не наладжаны.

Мэта Асацыяцыі – дапамога ў вырашэнні праблем беларусаў, якія праходзілі службу ў шэрагах УСУ, прычым незалежна ад падраздзялення, гаворыцца ў прэс-рэлізе, распаўсюджаным 14 снежня 2022 года ў тэлеграм-канале новастворанай арганізацыі.

Былыя вайскоўцы сцвярджаюць, што ўдзельнікі баявых дзеянняў сутыкаюцца з праблемамі ў медыцынскай і юрыдычнай галінах, маюць патрэбу ў рэсацыялізацыі і псіхалагічнай дапамозе.

Яшчэ адной важнай мэтай з’яўляецца праца са сваякамі загінулых і траўмаваных ваяроў, а таксама з сем’ямі тых, хто на дадзены момант служыць у УСУ”, – гаворыцца ў паведамленні.

Ініцыятарамі стварэння Асацыяцыі названа група былых вайскоўцаў. Цяпер жа, калі адстаўнікоў становіцца ўсё больш, яны палічылі неабходным фармалізаваць дзейнасць.

Арганізацыя ставіць перад сабой задачу дапамагаць як тым ваярам, якія застаюцца ва Ўкраіне, так і тым, хто выязджае за яе межы пасля заканчэння службы. З гэтай нагоды ўдзельнікамі створаныя незалежныя філіялы ва Ўкраіне, Літве і Польшчы”, – адзначаецца ў прэс-рэлізе. 

Стваральнікі Асацыяцыі падкрэсліваюць, што яна не будзе часткай якога-небудзь палітычнага руху ці партыі, “але не выключаецца супрацоўніцтва па асобных праектах з рознымі грамадскімі прадстаўнікамі і арганізацыямі”.

У той жа час з АБВ пакуль не супрацоўнічае з Палком імя Кастуся Каліноўскага. “Мы не маем дачынення да Палка Каліноўскага, акрамя таго, што большая частка нашых людзей служыла некалі ў Палку Каліноўскага. Полк Каліноўскага не зацікаўлены ў працы з намі, з людзьмі, якія сыходзяць ад іх са службы. Яны займаюцца іншымі рэчамі. Гэта іх рашэнне, яно такое, якое ёсць. Ні да адной з палітычных плыняў, з вайсковых арганізацыяў мы не належым. Гэта ініцыятыва людзей, якія проста сышлі і ўбачылі, што трэба дапамагаць сваім жа”, – распавёў Радыё Ўнэт сузаснавальнік Асацыяцыі, былы баец Палка імя Кастуся Каліноўскага Андрэй Кушняроў, які зараз знаходзіцца ва Ўкраіне.

Другі ўдзельнік Асацыяцыі Глеб Гунько паведаміў “Белсату”, што толькі ў польскім філіяле АБВ – каля 50 чалавек. Малады ветэран спадзяецца на тое, што арганізацыя будзе працаваць у духу вайсковага братэрства.