Байцы палка “Пагоня” стварылі сваё грамадскае аб’яднанне ва Ўкраіне
21 лістапада 2022
256

Створанае беларусамі, якія стала пражываюць ва Ўкраіне, а таксама байцамі беларускага палка “Пагоня” аднайменнае грамадскае аб’яднанне атрымала афіцыйную рэгістрацыю.

Мэтай грамадскага аб’яднання “Пагоня” з’яўляецца падтрымка беларускага дабраахвотніцкага руху ва Ўкраіне, а таксама кансалідацыя беларускай дыяспары для вызвалення Ўкраіны і Беларусі ад расійскіх акупантаў і злачыннай дыктатуры Лукашенкі, паведамляецца ў тэлеграм-канале палка “Пагоня”, які ваюе ў складзе Ўзброеных сіл Украіны.

Дырэктарам аб’яднання прызначаны славуты беларускі спартсмен, шматразовы чэмпіён свету па тайскім боксе і кікбоксінгу Віталь Гуркоў

У хуткім часе аб’яднанне абвесціць працэдуру ўступлення ў склад арганізацыі, а таксама накіруе вітальныя лісты партнёрам і запрашэнне да супрацы”, – гаворыцца ў паведамленні.

Нагадаем, што напачатку кастрычніка 2022 года полк “Пагоня” заявіў аб намеры аб’яднаць беларусаў Украіны шляхам стварэння спартыўна-патрыятычнага таварыства і правядзення беларускага сходу. Паведамлялася, што гэты сход адбудзецца ў апошнюю нядзелю лістапада 2022 года, то бок 27 лістапада 2022 года.

У верасні 2022 года беларускія свабодныя спартсмены заснавалі грамадскую камісію дзеля забеспячэння празрыстасці выкарыстання сабраных сродкаў для палка “Пагоня”.