“Байпол” і Полк Каліноўскага дамовіліся пра супрацоўніцтва
6 сакавіка 2023
234

Пра пачатак супрацоўніцтва з Палком імя Кастуся Каліноўскага і аб’яднання беларускіх сілавікоў заявіў прадстаўнік па аднаўленні законнасці і правапарадку Аб’яднанага пераходнага кабінета Аляксандр Азараў.

«З мэтай аб’яднання і ўзмацнення сілавога патэнцыялу беларускіх дэмакратычных сіл мы сфармавалі з чальцоў «Байпола» i удзельнікаў плана «Перамога» баявую адзінку «Атам» у шэрагах Палка iмя Кастуся Каліноўскага. Атрад названы ў гонар Васіля Грудовіка, нашага байца з пазыўным «Атам», які загінуў у баях за Ўкраіну ў 2022 годзе”, – перадае словы Азарава тэлеграм-канал кабінета.

Там жа адзначаецца, што ў рамках гэтага супрацоўніцтва беларускія ваяры будуць прымаць удзел у баявых аперацыях па вызваленнi Ўкраіны ад расійскiх захопнiкаў, атрымлiваць неабходны вопыт для рэалiзацыi плана «Перамога». 

З гонарам паведамляем, што на пачатку лютага 2023 года ва Ўкраіне пачалося фармаванне атраду “Атам” з прадстаўнікоў “Байпола”. Яны ўваходзяць у склад батальёна “Літвін” Палка Каліноўскага.
На сённяшні дзень нашыя рэкруты прайшлі абавязковы вайсковы вышкал і ўжо хутка будуць прымаць удзел у вайсковых аперацыях“, – гаворыцца ў тэлеграм-канале Палка імя Каліноўскага.

Беларускія ваяры змагаюцца зараз на самым цяжкім участку ўкраінска-расійскага фронту – бахмуцкім. Там, палкавое падраздзяленне БПЛА імя Мікіты Крыўцова ў ходзе штурмавой аперацыі ўзяла палонных, паведамляе тэлеграм-канал каліноўцаў.

Нагадаем, што ў кастрычніку 2022 года Полк імя Кастуся Каліноўскага заяўляў аб адсутнасці поўнага даверу да тых прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінету Ціханоўскай, якія адказваюць за вайсковы кірунак.