Беларусь у выгнанні разам з парушэннямі правоў чалавека
28 лістапада 2022
301

Правы чалавека парушаюць усе краіны. Беларусам варта помніць аб гэтым і змагацца за іх як на Радзіме, так і ў замежжы. Такая галоўная парада, якую далі беларускія правааабаронцы на анлайн-сустрэчы экспертна-аналітычнага клуба “Прэсс-клуба Беларусь”.

Беларусы чамусьці неяк саромяцца адстойваць свае правы, магчыма, не разумеючы, што правы чалавека выконваць трэба паўсюду”, – заявіў мадэратар сустрэчы Вадзім Мажэйка. Паводле яго, штуршком для наладжанай 24 лістапада 2022 года дыскусіі стаў даклад спецдакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн, які быў прадстаўлены шырокай грамадскасці напрыканцы кастрычніка бягучага года.

Дакумент у першую чаргу тычыўся таго, што адбываецца ў Беларусі, дзе працягваюцца бясконцыя палітычныя судовыя працэсы, арышты, затрыманні, катаванні і ператрусы. Рэпрэсіі прымусілі беларусаў пакінуць родную краіну, шукаючы прыстанішча за мяжой. 2022 год зрабіў некаторых нашых суайчыннікаў двойчы рэлакантамі – пасля пераезду ва Ўкраіну, потым давялося з’язджаць і з яе. Паводле Анаіс Марэн, сотні тысяч грамадзян Беларусі з’ехалі, ратуючыся ад палітычнага пераследу. У той жа час праваахоўныя органы не ўзбудзілі ні адной крымінальнай справы па гвалту з боку сілавікоў у дачыненні да грамадзян, хаця заяў аб гэтым ім паступіла каля пяці тысяч.

Рэпрэсіі выгналі прафесіі

Паводле эксперта Беларускага Хельсінкскага камітэта Кацярыны Дзейкала, у Беларусі людзі зараз пераследуюцца нават за прыналежнасць да нейкай прафесіі. Гэта ў першую чаргу, незалежныя журналісты, прадстаўнікі экспертнай супольнасці, выкладчыкі, адвакаты. “Гэта асаблівая рыса цяперашняй эміграцы”, – паведаміла яна, адзначыўшы, што значная ўвага рэпрэсіўных органаў скіравана на прадстаўнікоў арганізацый грамадскага сектара. Нядаўнія затрыманні людзей, якія мелі дачыненні да ліквідаванага лукашэнкаўскімі ўладамі Руху “За свабоду” таму пацвярджэнне.

Адзіны станоўчы момант ў цяперашніх рэспрэсіях у Беларусі – гэта тое, што іх заўважылі і пра іх кажуць паўсюдна, заявіла ў сваю чаргу дырэктар праваабарончый арганізацыі Lawtrend Вольга Смалянка. Яна нагадала, што грубыя парушэнні правоў чалавека ў краіне былі заўсёды, але на іх часцяком заплюшчвалі вочы. Праваабаронца прывяла папярэднія даныя даследовання, якое іх арганізацыя праводзіць сярод 83 актывістак праваабарончага руху. На першым месцы сярод парушэнняў праў чалавека на сваім досведзе рэспандэнткі ўказвалі парушэнне права на выражэнне меркавання.

Смалянка адзначыла, што зараз 695 арганізацый грамадскага сектара ў Беларусі ліквідаваны альбо знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі. “Людзі, якія рабілі Беларусь лепей, былі вымушаны з’ехаць”, – падкрэсліла дырэктар Lawtrend.

Аб размаху рэспрэсій у краіне можна судзіць па прыкладзе медыясектара, адзначыў у сваю чаргу намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў. паводле яго, з пераследам сутыкнуліся практычна ўсе незалежныя рэдакцыі і незалежныя журналісты. Больш за тое, пераслед спазналі нават прадстаўнікі сродкаў масавай прапаганды. “Мы прайшлі стадыю, калі можна казаць толькі пра парушэнні правоў чалавека”, – указаў ён. Так, сярод каля 150 даследаваных за паўтары гады выпадкаў парушэнняў правоў чалавека ў адносінах да журналістаў 44 змяшчалі прыкметы злачынстваў супраць чалавечнасці.

Калі па даных на люты 2022 года траціна рэдакцый з’ехала з Беларусі цалкам, траціна – часткова, а траціна – засталася, то з вайной ва Ўкраіне працэнт рэлакантаў значна вырас і працягвае расці, кажа Агееў. Паводле яго, зараз няма дзейсных механізмаў у Беларусі, каб аднавіць парушаныя правы журналістаў. Многія з іх ужо не вераць у магчымасць эфектыўнай дапамогі, і наадварот кажуць аб небяспецы пры адстойванні сваіх правоў.

Алег Агееў прывёў даныя, паводле якіх ужо цяпер 12%-13% прадстаўнікоў грамадскага сектара, якія з’ехалі ў эміграцыю, кажуць, што ўжо не плануюць вяртацца ў Беларусь.

Самацэнзура, турма ці эміграцыя – такі выбар застаўся для грамадзян Беларусі, падагульніла Анаіс Марэн, адзначыўшы, што цяпер ніякае дысідэнцтва не дапускаецца, і гэта спрыяе ўцечцы мазгоў. Яна мяркуе, што лукашэнкаўскія ўлады задавальняе такое становішча – каб не было людзей, якія думаюць іначай.

Замежная прававая барацьба

Усе мігранты валодаюць правамі чалавека. Урады абавязаны выконваць правы кожнага чалавека”, – заявіла прадстаўніца ААН.

Аднак, нажаль, усе дзяржавы парушаюць гэтыя правы, і ўсё залежыць ад іх рэакцыі на выяўленыя парушэнні, адзначыла ў сваю чаргу Кацярына Дзейкала. Менавіта рэакцыя і адрознівае сітуацыю ў Беларусі і еўрапейскіх краінах. Калі ўлады першай дэманструюць сваё грэбаванне правамі чалавека, то для Еўропы важна паказваць павагу да іх. Стандарты, якія абавязаліся выконваць еўрапейскія краіны, вызначаны ў Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека, Пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, Пакце аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах.

Правы чалавека могуць абмяжоўвацца, але на гэта мусяць быць сур’езныя прычыны. Як, напрыклад, ва Ўкраіне, дзе з-за вайны ўведзена ваеннае становішча. У еўрапейскіх краінах ці, напрыклад, у Грузіі такога няма, таму абмежаванні правоў на неабгрунтаваных падставах ёсць нічым іншым як дыскрымінацыяй. Выпадкі такія, асабліва з пачаткам вайны, мелі месца ў розных краінах, дзе зважаючы на беларускае грамадзянства забаранялася паступаць ва ўніверсітэты, адкрываць банкаўскія рахункі, перасякаць мяжу ці нават уваходзіць у рэстараны.

Пра ўсе такія выпадкі важна паведамляць, не замоўчваць іх, раяць праваабаронцы, заклікаючы звяртацца да беларускіх арганізацый ў замежжы і нават у мясцовыя праваабарончыя арганізацыі. Пры гэтым важна не пераносіць свой досвед узамадзеяння з чыноўнікамі ў Беларусі на еўрапейскія дзяржаўныя інстытуцыі. “Дзяржава не павінна сачыць за выкананнем правоў чалавека, гэта задача праваабрончых арганізацый. Дзяржаву трэбы інфармаваць аб такіх парушэннях”, – кажа Вольга Смалянка, адзначаючы, што пры адсутнасці патрэбанай рэакцыі ад дзяржаўных чыноўнікаў краіны знаходжання варта звяртацца ў суды і СМІ.

Разам з тым, не трэба забывать аб тых парушэннях правоў чалавека, якія дагэтуль у масавым парадку адбываюцца ў Беларусі. Пастаяннае ўзгадванне пра іх не дасць знікнуць беларускай тэматыцы з поля зроку сусветнай супольнасці. “Патрабаваць ад Беларусі выконваць правы чалавека могуць і іншыя дзяржавы”, – адзначыў Алег Агееў.

Анлайн-сустрэча экспертна-аналітычнага клуба “Прэсс-клуба Беларусь” была наладжана ў партнёрстве з беларускай экспертнай сеткай «Наше мнение» і Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў (BISS). У ёй прынялі ўдзел каля 20 чалавек.