Беларусаў у Тбілісі клічуць на Пляцоўку сацыяльных актыўнасцяў
26 жніўня 2022
160

Знайсці аднадумцаў і зрабіць нешта добрае для Беларусі можна паспрабаваць 27 жніўня 2022 года на тбіліскай Пляцоўцы сацыяльных актыўнасцей – месце, дзе збяруцца 18 беларускіх грамадскіх арганізацый і ініцыятыў, якія зараз знаходзяцца ў Грузіі.

«Правы чалавека, урбаністыка, культура, экалогія, гендэрная роўнасць, нефармальная адукацыя, моладзь, дабрачыннасць, падтрымка. Кожны знойдзе цікавае для сябе», – сцвярджаецца ў тэлеграм-канале «Беларусы Грузии».

У Садзе ружаў (73а Агмашэнебелі), дзе з 13:00 да 16:00 па мясцовым часе будзе праходзіць мерапрыемства, можна пабачыць AXIA center – цэнтр ментальнага здароўя і падтрымкі жанчын у эміграцыі; “Актыўнымі быць файна” (АБФ) – валанцёрская ініцыятыва нефармальнай адукацыі; “Дом там, дзе сэрца” – праект псіхалагічнай падтрымкі рэлакантаў; “Напрямок” – ініцыятыва дапамогі ўсім, хто пацярпеў ад вайны, незалежна ад нацыянальнасці і геаграфіі; “Буслік Хаб” – культурная і адукацыйная прастора; гульні ад “Настолкі-бэнд” і многія іншыя, піша ў чаце тэлеграм-канала карыстальніца пад нікам Дана.

Акрамя таго, там будзе стаяць «Скрыня рэчаў», дзе можна абмяняцца ці проста ўзяць альбо аддаць рэчы. Запланаваны нэтворкінг, музыка і беларускія танцы.