Беларускага журналіста Іллю Дабратвора збілі ў Варшаве
16 кастрычніка 2022
147

Журналіст Ілля Дабратвор, які з’яўляецца вядучым YouTube-канала “Руха за свабоду”, атрымаў траўму носа і чэрапна-мазгавую траўму ў выніку нападу невядомага ў Варшаве. Пацярпелы звязвае інцыдэнт са сваёй прафесійнай дзейнасцю.

Атака на журналіста з Мінску мела месца каля 20:00 14 кастрычніка 2022 года. Непадалёк ад яго дома стаяў невядомы, які без дай прычыны напаў на Дабратвора.

Пасля збіцця журналіст звярнуўся па медыцынскую дапамогу і ў паліцыю. Пакуль нападніка не затрымалі, паведамляе тэлеграм-канал Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Ілля Дабратвор са сваёй шматдзетнай сям’ёй выехаў з Беларусі ў траўні 2021 года, пасля некалькіх затрыманняў і вялічэзнага штрафа.

Як раней паведамлялася, паводле сацыялагічнага даследавання Фонда імя Фрыдрыха Эберта, апублікаванага ў жніўні 2022 года, у Польшчы дыскрымінацыю і непрыязнасць да сябе на нацыянальнай глебе адчулі  31% апытаных беларусаў. Нашы суайчыннікі адказалі, што яны асабіста сутыкаліся з дыскрымінацыяй у розных яе праявах і гэта ўжо ўспрымаюць як частку сацыяльнай рэальнасці.

Фота: тэлеграм-канал Беларускай асацыяцыі журналістаў