Беларуская адукацыя ў замежжы: безальтэрнатыўная альтэрнатыва
28 лістапада 2022
283

У той час калі лукашэнкаўскія ўлады атручваюць свядомасць беларускіх школьнікаў і студэнтаў заідэлагізаванымі і “рускамірскімі” псеўдаведамі, дыяспара прыглядаецца да магчымасці стварыць сваю сферу навучання. Ці змогуць беларускія навукоўцы і выкладчыкі ў эміграцыі зрабіць так, каб беларуская адукацыйная альтэрнатыва ў замежжы стала адзіна магчымай для захавання і рэпрадукцыі беларускага светапогляду? Першая вялікая сустрэча на гэту тэму адказу не дала.

Канферэнцыя «Развіццё альтэрнатыўнай сістэмы адукацыі ў сучасных умовах», арганізаваная нядаўна створаным у Польшчы “Рухам беларускай салідарнасці”, прайшла 27 лістапада 2022 года ў Варшаве. Удзел у ёй прынялі каля 170 беларускіх даследчыкаў, настаўнікаў і выкладчыкаў, якія былі вымушаны пакінуць Радзіму. 

У нас няма сваёй дзяржавы, але за Бугам наша краіна”, – заявіў члена Грамадскага Балонскага камітэта Павел Церашковіч, адзначыўшы, што “мы павінны будаваць сваю Беларусь”.

Колькасць гатовых будаваць сваю Беларусь наўрацці перавышае адзін мільён чалавек. Гэта максімальная лічба, вылічаная сацыёлагам Андрэем Вардамацкім, праз тое, што 17,7% беларусаў у Беларусі маюць знаёмых, якія пакінулі Радзіму і якім небяспечна зараз на яе вяртацца. 

Прадстаўніца па адукацыі і навуцы Офіса Святланы Ціханоўскай Таццяна Шчытцова падкрэслівала, што зараз перад беларускімі эмігрантамі стаяць выклікі: як даць магчымасць дзецям застацца датычнымі беларускасці, як педагогам застацца ў прафесіі, як прадухіліць дэзынтэграцыю дыяспары.

У многім ёй уторыла прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні ў Аб’яднаным пераходным кабінеце Аліна Коўшык, якая лічыць, што трэба захаваць супольнасць замежных беларусаў, захаваць адукацыю на беларускай мове, а тут ёсць праблема, як і з адсутнасцю вышэйшай адукацыі па-беларуску. Хвалюе прадстаўніцу кабінета і падтрымка настаўнікаў, якія застаюцца ў Беларусі.

Мы зараз знаходзімся на развілцы”, – заявіла ў сваю чаргу эксперт па стратэгічным кіраванні Святлана Мацкевіч. Альбо беларускія эмігранты адаптуюцца і асімілююцца, хоць і паствараюць свае розныя адукацыйныя ініцыятыва, альбо будуць супраціўляцца таму, што адываецца ў Беларусі. Гэта супраціўленне можна аказаць толькі ведамі, каб потым можна было б перанесці іх у родную краіну, калі такая магчымасць з’явіцца. Пры гэтым важным ёсць змест такой адукацыі. “Калі мы працуем ў логіцы супраціву, то трэба прапаноўваць іншы змест, які можна супрацьпаставіць”, – лічыць яна.

Святлана Мацкевіч хіба бліжэй усіх падыйшла да разумення неабходнасці сістэмнага падыходу да беларускай адукацыі ў замежжы. Аліна Коўшык, хоць і прадстаўляе кабінет Святланы Ціханоўскай – структуры, якая прэтэндуе на дзяржаўнае кіраванне, не агучыла нейкіх сістэмных поглядаў па гэтым пытанні, верагодна, іх у кабінеце пракуль не выпрацавалі. А між тым менавіта адукацыя ёсць адной з асноў той беларускай дзяржавы, якая можа сфармавацца ў стаўшай за два гады шматлікай эміграцыі. Так, яна не будзе аналагічнай звычайнай дзяржаве з дзяржаўнымі межамі, нацыянальнай валютай ці міністэрствам транспарта. Бо яна можа быць толькі дзяржавай новага тыпу, дзе людзі свядома абіраюць для сябе быць яе чальцамі з тых чыннікаў, якія яны лічаць для сябе важнымі. Але спрыяць гэтаму выбару, падштурхоўваць да яго замежных беларусаў мусіць той, хто вызначыў сябе на ролю прадстаўніка іх інтарэсаў.

Магчыма, нешта у гэтым плане зробіць педагагічная асацыяцыя, якую стварылі арганізатары канферэнцыі. Пра яе яны часта казалі, але ніякім чынам не прэзентавалі. 

Таксама адбылася прэзентацыя розных адукацыйных ініцыятыў і арганізацый, заснаваных беларусамі для сябе ў розных краінах. Можа быць інфармацыя аб іх калісьці з’явіцца на адным сайце структуры, зацікаўленай у сістэмным падыходзе да беларускай адукацыі ў замежжы. 

Уладзімір Лапцэвіч