Беларуская прастора “Новая зямля” адкрылася ў польскім Беластоку
3 снежня 2022
153

Каля 60 прадстаўнікоў дыяспары і беларускай меншасці прыйшлі 3 снежня 2022 года на адкрыццё культурніцкай прасторы “Хаб “Новая зямля” ў Беластоку.

Місіяй хаба з’яўляюцца развіццё грамадска-палітычнай актыўнасці, захаванне самаідэнтычнасці беларусаў, якія вымушаныя былі пакінуць Беларусь або часова пражываюць у Беластоку. Асноўнымі накірункамі дзейнасці пляцоўкі стануць адукацыйныя і культурніцкія мерапрыемствы”, – так акрэслілі мэту існавання новай прасторы яе стваральнікі – арганізацыя “Новая зямля”, якія напрыканцы верасня 2022 года была афіцыйна зарэгістравана ў Беластоку.

Мы разам напоўнім гэтую прастору тым кантэнтам, які нам патрэбны, які будзе на карысць беларусам і Беларусі, і на карысць будучай нашай дэмакратычнай Бацькаўшчыны. Тут будуць адбывацца розныя імпрэзы – адукацыйныя і разважальныя мерапрыемствы, дробныя і масштабныя, мясцовыя і паміж гарадамі, краінамі, для дзяцей і падлеткаў, для сеньёраў і творчых людзей”, – заявіла, распачынаючы афіцыйную частку мерапрыемства, прадстаўніца “Новай зямлі” Надзея Салаўёва.

Надзея Салаўёва

Паводле яе, карысць ад гэтай культурніцкай прасторы будзе для ўсіх. Напрыклад, для тых, каму для рэалізацыі яго ўласнага праекта не хапае месца і абсталявання. “Калі ў вас ёсць добры праект, але вы не можаце знайсці на яго кошты, то звяртайцеся ў хаб і мы дапаможам. Калі ў вас ёсць толькі думка, што вы хочаце рэалізаваць і больш нічога, то прыходзьце і мы разам давядзем гэту ідэю да ладу. Калі ў вас нічога няма і вы нічога не хочаце, і не хочаце нічым займацца, то ўсё роўна прыходзьце ў хаб за карыснай інфармацыяй, развагамі, рэлаксам і добрым настроем”, – адзначыла Надзея Салаўёва.

На ўрачыстасць з нагоды адкрыцця прасторы прыйшоў і дэпутат польскага Сейма ад “Грамадзянскай платформы” Роберт Тышкевіч. “Вы ёсць надзеяй на новую зямлю ў Беларусі. Вы мусіце аб тым ведаць. Таксама мы маем свой польскі досвед, што эміграцыя, дыяспара можа адыграць агромную ролю ў змаганні за свабоду сваёй айчыны. Гэта частка нашай гісторыі”, – заявіў ён.

Роберт Тышкевіч

Паводле апазіцыйнага польскага палітыка, ён вельмі рады, што ў яго родным Беластоку ён стаў сведкам нараджэння такой выдатнай ініцыятывы, дзе будуецца адзінства і супрацоўніцтва паміж людзьмі. 

Я маю свой досвед у гэтым пытанні, бо ў Сейме ў гэтай кадэнцыі з’яўляюся старшынёй камісіі па сувязях з палякамі за мяжой. Магу з вамі падзяліцца досведам з працы з польскай дыяспарай, якая рассеяна па ўсім свеце. Бо частка праблем агульныя – праца, кваліфікацыя, барацьба за захаванне правоў”, – адзначыў Роберт Тышкевіч, распавёўшы, што ўжо сустракаўся з варшаўскай і ўроцлаўскай дыяспарамі беларусаў. 

І хачу вас запэўніць, што функцыі функцыямі, але Беласток для мяне заўсёды на першым плане. Так што можаце мяне запісаць як валанцёра “Новай зямлі” і лічыць сваім”, – сказаў ён, нагадаўшы, што з’яўляецца да таго ж кіраўніком сеймавай групы па справах Беларусі. Паводле Роберта Тышкевіча, дыяспара ў Беластоку можа разлічваць не толькі на яго, але і на іншых яго калег з Сейму і Сенату. “Будзем патрымліваць вас, каб вашы праблемы дахадзілі туды, дзе прыймаюцца рашэнні”, – паабяцаў парламентарый.

У адным з наступных выступаў прадстаўніца дыяспары Ганна звярнулася да палітыка. Яна распавяла, што цяпер у мясцовым дэпартаменце адукацыі знаходзяцца 44 заяўкі бацькоў-эмігрантаў, якія просяць арганізаваць для іх дзяцей выкладанне беларускай мовы. Жанчына папрасіла паспрыяць станоўчаму вырашэнню праблемы. Тышкевіч адказаў, што тут ёсць за што змагацца.

Прадстаўнік беларускай нацыянальнай меншасці Алег Латышонак адзначыў, што дзякуючы такім ініцыятывам дыяспары беларуская справа не згасае, хоць уласна беларуская нацыянальная меншасць з кожным годам становіцца яшчэ меншай.

Алег Латышонак

Галоўны рэдактар інтэрнэт-выдання “Мост” Руслан Кулевіч, павінаваўшы, заявіў аб перадачы ў якасці падарунка прасторы вялікага каляровага прынтара.

Прадстаўніца дыяспары Кацярына адзначыла, што гэта не першая беларуская кропка ў Беластоку, і вельмі добра, што і іх становіцца ўсё больш. “Хочацца, каб гэтая кропка стала месцам яднання, каб беларусы прыходзілі тут розныя, з рознымі ініцыятывамі, з рознымі намерамі, каб было больш яднання”, – заклікала яна.

Пасля афіцыйнай часткі адбыўся невялікі канцэрт, на якім спявачка і журналістка Кацярына Ваданосава праспявала свае песні.

На бліжэйшыя дні ў прасторы намечана рэпетыцыя калядных песень з дзецьмі, мерапрыемства з нагоды Дня правоў чалавека 10 снежня, імпрэза “Мова нанова” з выступленнем барда Зміцера Бартосіка і іншыя актыўнасці.

Нагадаем, што з 29 лістапада па 11 снежня 2022 года ў беластоцкім гандлевым цэнтры “Альфа” пад патранатам мясцовых улад праходзіць выстава фотапартрэтаў беларусаў дыяспары.