
Вершы для дзяцей палітзняволенага журналіста-фрылансера Радыё “Свабода” Андрэя Кузнечыка гатова анімаваць Беларуская рада культуры і пытаецца аб патрэбнасці ў такім відэапраекце. Падобны праект ужо быў рэалізаваны ў дачыненні вершаў іншага журналіста-палітвязня Андрэя Скурко.
“Сябры, дайце ведаць у каментах ці ў прываце, каму цікава падтрымаць гэтую ідэю! Як толькі запусцім збор, дашлю асабіста кожнаму спасылку на яго”, – піша ў Facebook кіраўнік Беларускай рады культуры Сяргей Будкін.
Рэалізаваць задумку мяркуецца ў межах забаўляльнага, навучальнага, развіццёвага YouTube-канала “Бэйбус”. Дзеля найхутчэйшай рэалізацыі задумы неўзабаве будзе абвешчаны збор сродкаў, перадае Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Асуджаны на шэсць гадоў узмоцненага рэжыму Андрэй Кузнечык адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі №1 Наваполацка. Там ён піша кранальныя вершы сваім дзецям, іх ужо назбіралася на паўнавартасную кнігу.
Раней “Бэйбус” падтрымаў журналіста-палітвязня Андрэя Скурко, стварыўшы серыю мультвершаў на яго паэзію “Пра сланоў і барсучкоў для дзяўчат і хлапчукоў”.
Фота: “Віцебская вясна”
Матэрыялы па тэме: