Беларуская рады культуры збірае грошы для аднаўлення дзейнасці выдавецтва Янушкевіча
23 снежня 2022
204

Беларуская рады культуры стварыла “Магістрат “Кнігаўка” для збора грошай на аднаўленне дзейнасці выдавецтва Андрэя Янушкевіча і выдання кніг на беларускай мове.

«Магістратам мы называем суполку беларусаў, якія дамаўляюцца цягам пэўнага перыяду падтрымліваць перспектыўныя праекты беларускай справы вызначанаю сумаю грошай», — цытуе прадстаўніцу ў сувязях з грамадскасцю Рады культуры Ірэну Кацяловіч Reform.by.

Выдавецтва “Янушкевіч” было адным з самых паспяховых у краіне, пакуль яго не знішчылі ўлады Беларусі. Спачатку Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржаўнага кантролю забраў тэхніку і заблакаваў банкаўскія рахунк”, – распавядаецца на сайце “Магістрата “Кнігаўка”.

Там жа адзначаецца, што некаторыя кнігі выдавецтва былі прызнаныя дзяржаваю “экстрэмісцкімі”, кнігарня “Кнігаўка” закрылася, уладальніка выдавецтва Андрэя Янушкевіча разам з працаўніцаю кнігарні Настаю Карнацкаю затрымалі. Наста правяла ў зняволенні 23 дні, выдавец – 28.

Пасля вызвалення Андрэй Янушкевіч з’ехаў у Польшчу, дзе цяпер аднаўляе выдавецкую дзейнасць.

Супольна мы можам дапамагчы Андрэю Янушкевічу ды ягонай камандзе разгарнуць дзейнасць выдавецтва ў Польшчы як найхутчэй! З гэтаю мэтаю Беларуская Рада культуры збірае магістрат “Кнігаўка” – аб’яднанне ахвярадаўцаў, гатовых цягам акрэсленага тэрміну акрэсленаю сумаю падтрымліваць развіццё выдавецтва”, – гаворыцца ў паведамленні.

Як паведамлялася ў кастрычніку 2022 года, кнігавыдавец Андрэй Янушкевіч рыхтуе восем кніг да выдання ў Польшчы. Кнігі “Гары Потар і Келіх агню”, “Валадар Пярсцёнкаў. Брацтва Пярсцёнка”, “Дарога”, “Кароль”, “Размовы з сябрамі”, “Вялікі Гэтсбі”, “І ўзыходзіць сонца” і “Чорны абеліск” знаходзяцца на розных этапах падрыхтоўкі да выйсця ў свет.