Беларускі бізнэс-цэнтр займеў офіс у Варшаве
23 верасня 2022
155

Беларускія кампаніі могуць бясплатна карыстацца офісам Белараскага бізнэс-цэнтра ў пачатку сваёй дзейнасці ў Польшчы.

У новым офісе, які адкрыўся 22 верасня 2022 года, ёсць абсталяваныя працоўныя месцы для бізнэсоўцаў, канфэрэнц-зала, перамоўныя, кухня, перадае “Радыё Свабода”. Заснавальнікі пляцоўкі лічаць, што яна асабліва будзе патрэбна малому і сярэдняму бізнэсу, які працаваў на экспарт, на заходнія рынкі. “Многія кампаніі ня маюць фінансавых магчымасцяў, каб адразу перавезці ўсіх супрацоўнікаў, таму пераяжджаюць паступова: спачатку кіраўнікі пачынаюць з-за мяжы рэінвэставаць капітал, шукаюць суайчыннікаў у Польшчы”, – гаворыцца ў паведамленні.

Беларускаму бізнэсу абяцаюць дапамогу ў пытаннях падаткаабкладання, польскага заканадаўства, арэнды офісаў, рынку працы і ў іншых важных аспэктах у працэсе рэлякацыі.

Тут можна атрымаць юрыдычныя кансультацыі на ўсіх этапах адкрыцьця і вядзення бізнэсу, падтрымку ў кантактах з органамі ўлады Польшчы, мэнтарскую падтрымку ад польскіх экспэртаў, паўдзельнічаць у шматлікіх сэмінарах, вэбінарах і трэнінгах. Мы хочам, каб гэты офіс стаў пляцоўкай, дзе можна знайсці аднадумцаў, сустрэцца з іншымі бізнэсоўцамі», — распавёў радыёстанцыі прадстаўнік Беларускага бізнэс-цэнтру.

Прадстаўнікі адной кампаніі могуць выкарыстоўваць пляцоўку да шасці тыдняў, адзначаецца на старонцы Беларускага бізнэс-цэнтру на сайце Саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Польшчы.

Паводле прадстаўніка Беларускага бізнэс-цэнтру, з пачатку 2022 году ў Польшчы зарэгістравалі каля 500 кампаній, дзе адзін з заснавальнікаў — фізычная альбо юрыдычная асоба з Беларусі. А ўсяго ў Польшчы зарэгістравана 3709 кампаній з беларускім капіталам.