“Беларускі дом” у Варшаве арганізаваў фотавыставу ў гонар Вацлава Гавела
6 кастрычніка 2022
196

Выстава фатаздымкаў “Вацлаў Гавел. Палітыка і свядомасць” у гонар 86-годдзя з дня нараджэння выбітнага чэскага палітыка, драматурга, дысідэнта і праваабаронцы адкрылася ў “Беларускім доме” ў супрацы з чэшскай амбасадай у Польшчы.

Урачысты вернісаж адбыўся ўвечары 5 кастрычніка 2022 года. На ім выступіў амбасадар Чэхіі ў Польшчы Якуб Дзюр, Міхаэл Жантоўскі – прэс-сакратар і дарадца Вацлава Гавела, амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі, палітыкі Аляксандр Мілінкевіч і Юрый Губарэвіч, паведамляе тэлеграм-канал “Беларускага дома”.

Канцэпцыя выставы — паказаць рэфлексіі Гавела і пасыл, які змяшчаецца ў яго тэкстах. Фотаздымкі суправаджаюцца як цытатамі з выказванняў палітыка, так і тымі, што набліжаюць іх кантэкст.

Часцей за ўсё Вацлава Гавела называюць чэшскім пісьменнікам і драматургам, які стварае ў духу тэатра абсурду. Сусветную вядомасць і прызнанне ён атрымаў дзякуючы свайму дысідэнцкаму мінуламу і прэзідэнцтву. Сёння выключна актуальнымі становяцца яго выказванні пра свабоду ці яе адсутнасць, заклікі і прапановы, якім шляхам ісці”, – распавядаецца ў акаўнце фотавыставы ў Facebook.

Выставу можна пабачыць на працягу бліжэйшага месяца падчас мерапрыемстваў у “Беларускім доме”.

Фота: тэлеграм-канал “Беларускага дома”