Беларускі фатограф параўнаў жыццё эмігрантаў з сядзеннем на табурэце з дзвюма ножкамі
13 кастрычніка 2022
210

Фотавыстава прац фатографа Зміцера Вайноўскага адкрылася на цэнтральнай плошчы (Plac Litewski) польскага Любліна. На фотаздымках людзі, якія спрабуюць сядзець на табурэце з дзвюма ножкамі.

Фотапраект “На нашым месцы” — гэта запрашэнне люблінцам літаральна адчуць сябе на месцы ўцекача ў чужой краіне, паспрабаваць знайсці раўнавагу на нязручным хісткім табурэце на двух ножках, распавядае тэлеграм-канал BY_culture.

Паводле аўтара, гэты праект пра шлях эмігранта, пра яго спробу быць зразуметым. “Пра тое, што ты адчуваеш, калі праходзіш гэтым шляхам эмігранта, эмацыйна вельмі складаным для таго, хто па ім ідзе. Тут найперш мой асабісты досвед, мая разгубленасць перад няпростымі абставінамі лёсу. Аднак мне вельмі пашанцавала, бо я на сваім шляху сустрэў вельмі добразычлівае стаўленне”, – распавёў Зміцер Вайноўскі Reform.by

Ён адзначыў, што такім чынам атаясамляе становішча эмігранта. “Ты ўжо не там, але яшчэ не тут. Ты ў памежных водах. Гэта пра стан, калі ў цябе няма ні пашпарта, ні статусу, ні працы…ты губляеш раўнавагу, якую да гэтага меў. Няма на што абаперціся”, – сказаў фатограф.

Выстава працягнецца да 2 лістапада 2022 года.

Фота і відэа: тэлеграм-канал BY_culture і Reform.by