Беларускі студэнт Гарварда гатовы пракансультаваць беларусаў па пытаннях паступлення
13 жніўня 2022
246

Студэнт Гарвардскага ўніверсітэта Максім Багдановіч заявіў аб жаданні бясплатна пракансультаваць у Тэлеграме сённяшніх беларускіх матываваных школьнікаў 9-10-ых класаў ці іх бацькоў па пытаннях паступлення «ў добры амерыканскі ўніверсітэт».

«Галоўная ўмова — каб патэнцыйныя абітурыенты пісалі самастойна (а не іх бацькі!) і пажадана па-беларуску. Таму калі вы бацька, то можаце паказаць гэты пост сваей дачцы ці сыну і сказаць, што есць такі Максім і ен будзе рады дапамагчы», – распавёў малады чалавек у Facebook. Па кансультацыю ён просіць звяртацца ў Тэлеграме @MaksimBahdanovich.

Ён падкрэслівае, што кансультацыя прынцыпова бясплатная. «Лепш за ўсе пісаць цягам наступных двух тыдняў увечары па Мінскім часе. З верасня пачынаецца вучоба і будзе крыху складаней. Але ўсе роўна пішыце!» – заклікае Максім.

Паводле студэнта, ён натхніўся допісам ад таленавітай і матыванай вучаніцы восьмага класа з яго былой мінскай гімназіі. «З размовы мне падалося, што ў яе есць усё, што неабходна: матывацыя і час. Насамрэч больш і не трэба – іншае прыходзіць з працай. Я ўпэўнены – у яе атрымаецца», – піша Максім, адзначаючы, што яму зусім не шкада 15 хвілін свайго часу, калі ў выніку есць верагоднасць змяніць жыцце беларуса таксама радыкальна, як Гарвард змяніў яго.

«Універсітэт стаў для мяне не тое што сацыяльным ліфтам, а цэлай катапультай, і я неварогдна за гэта ўдзячны. Перадаю эстафету. Я буду рады ў перапісцы падказаць рэсурсы для падрыхтоўкі да экзаменаў, напісання эсэ, дэталі працэсу падачы, атрымання фінансавай дапамогі і г.д. Адзінае, што мне важна — каб чалавек быў сам заматываваны, а не бацькамі. Я і раней так час ад часу даваў парады тым, хто мне пісалі (і ўжо зараз некаторыя з іх вучацца на поўнай стыпендыі ў прэстыжных універсітэтах!), але ніколі публічна не прапановаў. Выпраўляюся. Магчыма, па выніку нашых перапісак напішу невялічкі гайд і апублікую», – мяркуе Багдановіч.

На яго думку, большасці таленавітых беларускіх школьнікаў нічога не перашкаджае паспрабаваць і патэнцыйна змяніць свае жыццё і жыццё нашай краіны да лепшага. Падчас пандэміі каранавіруса вучыўся дыстанцыйна, знаходзячыся дома. У 2020 годзе на т.зв. прэзідэнцкіх выбарах спрабаваў стаць сябрам участковай выбарчай камісіі №39 ва Фрунзенскім раёне Мінску, але яму было адмоўлена.