Беларускія айцішнікі ў Беластоку правялі свой першы мітап
19 лістапада 2022
170

Каля 60 ІТ-спецыялістаў у асноўным з Беларусі і Ўкраіны прынялі ўдзел 18 лістапада 2022 года ў першым сваім мітапе, які прайшоў у польскім Беластоку.

Як распавялі арганізатары мерапрыемства – прадстаўнікі кампаніі SII-Polska, якая выступіла яго спонсарам, апошнім часам усё больш айцішнікаў з Беларусі прыязджае ў Польшчы і, у прыватнасці, у Беласток. Прычынай стаў не толькі палітычны пераслед. “Былі ўведзены санкцыі, у тым ліку супраць ІТ-кампаній, і многія страцілі магчымасць, ды і жаданне працаваць у Беларусі”, – кажа ініцыятар сустрэчы Аляксандр.

Паводле яго, мітап у Беластоку скіраваны на больш шчыльнае знаёмства і ўсталяванне сувязяў паміж прадстаўнікамі ІТ-галіны горада. Прычым не толькі тых, якія прыехалі з Беларусі, але і з Украіны, і з іншых краін, дзе карыстаюцца рускай мовай. Прыклад падобных мітапаў, па словах Аляксандра, узяты ад польскіх калег. 

Мы наведваем многія польскія айці-падзеі ў Беластоку. З надыходам восені яны праходзяць прыкладна 2-3 разы на месяц звычайна на польскай мове, вельмі рэдка на англійскай. Ну і вось мы вырашылі нешта аналагічнае зрабіць для прыезджых”, – адзначае ініцыятар сустрэчы.

Арганізатары не ставяць на мэту стварэнне нейкага фармальнага аб’яднання айцішнікаў, але плануюць рабіць падобныя мітапы 2-3 разы на год. “Гэта проста свабодная сустрэча, куды могуць прыйсці людзі з ІТ і сумежных прафесій”, – кажуць яны.

Прысутным была прадстаўлены карта з указанне найбольш цікавых месц у Беластоку і наваколлях, дасведчаныя спецыялісты распавялі пра функцыянальнае (дэкларатыўнае) праграмаванне, а таксама пра адмоваўстойлівасць і паступовую дэградацыю React дадаткаў.

17 лістапада 2022 года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што айцішнікі, якія раней з’ехалі з Беларусі, зараз пачалі вяртацца. “Вельмі многія вярнуліся назад. Паспрабавалі заграніцу на зуб і зразумелі, што ў краіне, дзе нарадзіўся, там ты і павінен прыдацца. Гэта добрыя тэндэнцыі. Новыя рэзідэнты рэгіструюцца, сваі ІТ-прадукты ствараюць, асвойваюць новыя рынкі”, – цытуе Лукашэнку праўладнае агентства Белта.

Аднак гэтыя расповяды аб вяртанні ІТ-спецыялістах не маюць нічога агульнага з рэчаіснасцю, далі зразумець апытаныя ўдзельнікі сустрэчы.

Некалькі гадоў таму, недзе ў 2019 годзе, то бок да ўсіх вядомых падзей я ведаў пару, якая вярнулася ў Мінск. Штосьці ім тут не спадабалася. Можа заробкі, неабходнасць здымаць кватэру. А там яны мелі жыллё. А вось са свежапрыехаўшых я не ведаю такіх, якія б вярталіся”, – распавёў Аляксандр, які ўжо некалькі гадоў жыве і працуе ў Беластоку.

Яго калега-полька, рэкруцёр Вераніка, на пытанне аб знікненні беларускіх айцішнікаў з польскага рынку працы, толькі ўсмяхнулася. Паводле яе, пакуль заўважны выключна адваротны працэс. Ну а яе прысутнасць на мітапе з мэтай рэкрутацыі новых супрацоўнікаў гаварыла пра тое, што беларускім ІТ-спецыялістам ёсць на што разлічваць пры пераездзе і валоданні англійскай і польскай мовамі.

Паводле даных Белстата, за дзевяць месяцаў 2022 года Беларусь страціла больш за 13 тыс. ІТ-спецыялістаў. Працаўладкаваліся за гэты перыяд 10 576 праграмістаў, а звольніліся 23 855.