Беларускія праваабаронцы прынялі сумесную заяву з нагоды з’яўлення новых палітвязняў
6 жніўня 2022
207
Прызнанне адразу 11 грамадзян новымі палітвязнямі прымусіла беларускую праваабарончую супольнасць выступіць з сумеснай заявай, у якой выказана запатрабаванне вызвалення ўсіх палітзняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.

Заява была размешчана 5 жніўня 2022 года на сайце ліквідаванага лукашэнкаўскімі ўладамі Праваабарончага цэнтру «Вясна». Нагодай яе прыняцца стала прад’яўленне абвінавачванняў, заключэнне пад варту і вынясенне прысудаў, звязаных з пазбаўленнем волі ў дачыненні да Аксаны Аляксеевай, Андрэя Асмалоўскага, Дзмітрыя Брэля, Кацярыны Глінскай, Мікалая Казлова, Антаніны Кавалёвай, Антона Маслыкі, Артура Смалякова, Галіны Тарноўскай, Юрыя Чарапнёва (ч.1 арт.342 КК «Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак». А таксама накіраванні для адбыцця пакарння ў выглядзе абмежавання волі па ч.1 арт.342 КК у папраўчую установу Аляксандра Копаця.

Дзеянні, у якіх абвінавачвалі грамадзян, тычыліся жніўня 2020 года. «Выступы грамадзянаў насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя», – гаворыцца ў заяве праваабаронцаў, і падкрэсліваецца, што сходы грамадзянаў насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізічнай сілы, спецсродкаў і зброі.

Праваабаронцы ўказваюць, што свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.

«Мы ацэньваем пераслед вышэй названых асоб, якія былі пазбаўленыя волі і абвінавачаныя ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і масавых беспарадках, як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі», – адзначаецца ў заяве.

Праваабарончая супольнасць Беларусі патрабуе неадкладна вызваліць Аксану Аляксееву, Андрэя Асмалоўскага, Дзмітрыя Брэля, Кацярыну Глінскую, Мікалая Казлова, Антаніну Кавалёву, Антона Маслыку, Артура Смалякова, Галіну Тарноўскую, Юрыя Чарапнёва, Аляксандра Копаця, спыніць іх крымінальны пераслед.

«Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, перагледзець палітычна матываваныя справы і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны», – выказваюць сваё патрабаванне праваабарончыя арганізацыі – Праваабарончы цэнтр “Вясна”, «Прававая ініцыятыва», Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Беларускі ПЭН, Lawtrend.

Па стане на 6 жніўня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 1262 чалавекі.