Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 11 чалавек
16 снежня 2022
118

Аліса Раманава, Віктар Пільжыс, Міхаіл Тарасевіч, Аляксей Міхнюк, Сяргей Лялін, Вадзім Калінін, Дзмітрый Варановіч, Віталь Корсак, Ларыса Шчыракова, Максім Дарковіч, Павел Шалейнікаў прызнаны новымі палітвязнямі. Агульная іх колькасць на 16 снежня 2022 года складае 1443 чалавекі.

Пераважная большасць прызнаных палітвязнямі абвінавачваецца ў “абразе” Аляксандра Лукашэнкі. Так, Аліса Раманава асуджана за гэта на адзін год калоніі. Аналагічны вырак атрымаў Вадзім Калінін. Максім Дварковіч ўзяты пад варту па гэтым жа абвінавачванні, паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”.

“Абразілі” Лукашэнку, а таксама яшчэ нейкага чыноўніка Аляксей Міхнюк (паўтары гады калоніі), Сяргей Лялін (два гады калоніі), Дзмітрый Варановіч (два з паловай гады калоніі).

Міхаіл Тарасевіч асуджаны да шасці гадоў зняволення за каментары з “абразай” суддзі, прадстаўніка ўлады, Лукашэнкі, меркаваннямі аб магчымасці гвалту ў дачыненніі да службовай асобы, супрацоўніка органаў унутраных спраў.

Віталь Корсак, які таксама нібыта абразіў Лукашэнку, яшчэ быў абвінавачаны ў публікацыі выявы нацысцкай сімволікі ў чырвона-зяленых колерах. Яму прысудзілі два гады калоніі.

Таксама да двух гадоў калоніі асуджаны Віктар Пільжыс толькі за рэпост на сваю старонку ў сацыяльнай сетцы запісу аб супрацоўніках міліцыі. 

Павел Шалейнікаў асуджаны да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу за абразу нейкага чыноўніка.

Былая журналістка Ларыса Шчыракова ўзята пад варту па абвінавачванні ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь.

Мы лічым пераслед і пазбаўленне волі названых асоб палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі”, – гаворыцца ў паведамленні.

Правабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Адзначым, што колькасць прызнаных палітвязнямі ў Беларусі на 30 лістапада 2022 года складала 1449 чалавек. Калоніі пакідаюць адны асуджаныя за “палітыку”, а на іх месца прыходзяць наступныя.