Беларускія праваабаронцы выйшлі на акцыю салідарнасці з Украінай
22 верасня 2022
136

Акцыі праваабаронцаў у знак салідарнасці з Украінай прайшлі 21 верасня 2022 года ў розных краінах. Беларускія прынялі ўдзел у такой каля амбасады Расіі ў літоўскай сталіцы.

Сярод тых, хто выйшаў да расійскай амбасады, былі праваабаронцы, якія двойчы былі вымушаны рэлакавацца. Спачатку з Беларусі з-за рэпрэсій, а потым з Украіны з-за вайны. 

Беларусы не мусяць стаяць у баку ад гэтай вайны, тым больш рэжым Лукашэнкі аддае сваю тэрыторыю для нападаў на вольную Ўкраіну”, — цытуе паэта і прадстаўніка Праваабарончага цэнтру (ПЦ) “Вясна” Сяржука Сыса сайт гэтай арганізацыі.

Я жадаю Украіне і Беларусі прайсці гэтае выпрабаванне і стаць лепш і мацней. І паказаць усяму свету, што гвалт ніколі нічога не вырашае. А толькі мір і стварэнне — гэта тое, што чалавецтва павінна разумець”, – адзначыла ў сваю чаргу праваабаронца і валанцёрка “Вясны” Марыя Тарасенка

Вайна ва Ўкраіне — гэта не вайна супраць асобнай дзяржавы. Гэта наш агульны еўрапейскі выклік. Ці вытрымаем мы вось такі наступ на правы чалавека, на свабоду, на незалежнасць і на жыццё. І украінцы проста на перадавой нашага жыцця”, – лічыць намеснік старшыні Беларуска асацыацыі журналістаў (БАЖ) Барыс Гарэцкі.

Акцыю зладзілі Фонд дамоў чалавека і Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звоскага. Акрамя беларускіх праваабаронцаў, у ёй прынялі ўдзел дамы правоў чалавека з Чарнігава, Крыма, Ерэвана, а таксама «Центр прав людини ZMINA». 

У сваю чаргу БАЖ разам з ПЦ «Вясна» і ініцыятывай «Актыўным быць файна» абвясцілі праграму збору гуманітарнай дапамогі для партнёрскай праваабарончай арганізацыі з Украіны «Восток SOS». Яна забяспечвае мірных жыхароў Украіны неабходнымі наборамі ежы і гігіены, піша на сваім сайце БАЖ.

У 1981 годзе сваёй рэзалюцыяй №3667 Генеральная асамблея ААН абвясціла Дзень міру і ўстанавіла яго святкаванне на трэці аўторак верасня. Праз 20 гадоў, у 2001 годзе, Генеральная асамблея прыняла рэзалюцыюю №55282, у якой пастанавіла, што з 2002 года Міжнародны дзень міру будзе адзначацца штогод 21 верасня як дзень усеагульнага спынення агню і адмовы ад гвалту.

Фота: тэлеграм-канал ПЦ “Вясна”