Беларускую незалежную кінаакадэмію прадставілі на Берлінскім кінафестывале
17 лютага 2023
184

Афіцыйнае адкрыццё Беларускай незалежнай кінаакадэміі (BIFA) адбылося 17 лютага 2023 года на Бэрлінскім кінафэстывалі “Берлінале”.

На прэзентацыі кінаакадэміі ў Берліне выступіла дзяржміністр па пытаннях культуры і медыя Германіі Клаўдыя Рот, сімвалічная хросная палітзняволенай Марыі Калеснікавай, паведамляе тэлеграм-канал “Нямецкай хвалі”.

Акадэмія намерана прасоўваць беларускіх кінематаграфістаў за мяжой. Сярод яе стваральнікаў – вядомыя рэжысёры Аляксей Палуян, Дар’я Жук, Воля Чайкоўская, Андрэй Куціла, крытык Ірэна Кацяловіч, кансультант Ігар Сукманаў.

Пра стварэнне акадэміі беларускія незалежныя кінематаграфісты задумаліся пасля пачатку вайны ва Ўкраіне, што вылілася ў калектыўны стэйтмэнт з асуджэннем ваеннай агрэсіі Расеі, які падпісалі больш за 130 беларускіх фільммэйкераў. Хаця на той час кожны падпісант яшчэ дзейнічаў паасобку, але «такая праява салідарнасці кінематаграфічнай супольнасці падштурхнула да стварэння інстытуцыі, якая зможа выступаць ад імя незалежных беларускіх кінааўтараў адным голасам».

«Мы лічым стварэнне Беларускай незалежнай кінаакадэміі вельмі своечасовым і неабходным. Еўрапейская кінаакадэмія імкнецца спрыяць далейшай інтэграцыі незалежнага беларускага кіно ў агульнаеўрапейскую кінасупольнасць. Нашым беларускім сябрам патрэбнае нашае падтрыманне ў Еўропе: мы дапаможам наладзіць кантакты з еўрапейскімі інстытутамі, кінафондамі і кінарынкамі. Неўзабаве мы прывітаем Беларускую незалежную кінаакадэмію ў якасці новага сябры Асацыяцыі еўрапейскіх кінаакадэміяў», – цытуе “Белсат” генеральнага дырэктара і дырэктара Еўрапейскай кінаакадэміі Матэйса Ваўтэра Кнола (Matthijs Wouter Knol).

Пра стварэнне кінаакадэміі стала вядома 1 лютага 2023 года. У межах “Берлінале” запланавана прэзентацыя 10 беларускіх кінапраектаў у працы для пошуку партнёраў.

Нагадаем, што на Восьмым кінафестывале “Паўночнае ззянне”, які адбыўся напрыканцы 2022 года, фільм “Мара” рэжысёра Сашы Кулак стаў пераможцам беларускага конкурсу.

Фота: тэлеграм-канал “Нямецкай хвалі”