Беларусы Чэхіі ўпершыню сабраліся на з’езд
23 кастрычніка 2022
135

Больш за 130 чалавек прынялі ўдзел у Першым з’ездзе беларусаў Чэхіі, які прайшоў у Празе.

Гэта гістарычны з’езд беларусаў у эміграцыі. Беларусаў, якія, як папярэднікі – захавальнiкi трыдыцый БНР, – звяртаюцца да каранёў, каб пабудаваць новую краіну, базуючыся на спадчыне вялікага асветніка і першадрукара Францыска Скарыны”, – цытуе запрошанага на мерапрыемства прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета па транзіце ўлады Паўла Латушку тэлеграм-канал “Народное Антикризисное Управление“.

Прывітанні ўдзельнікам даслалі старшыня Рады БНР Iвонка Сурвіла, лідар беларускага пратэста Святлана Ціханоўская, упаўнаважаная па правах чалавека Чэшскай Рэспублікі Клара Шымачкава-Лаўрэнчыкава.

Сярод удзельнікаў з’езду былі тыя беларусы, хто мае доўгатэрміновую візу (звыш 90 дзён), дазвол на часовае ці сталае пражыванне, міжнародную абарону альбо чэшскае грамадзянства.

Пра ролю беларусаў у чэскім грамадстве распавялі прадстаўніца беларускай нацыянальнай меншасці ва Ўрадавай Радзе ў справах нацменшасцяў Алена Ціхановіч і прадстаўніца беларускай меншасці пры пражскім магістраце Крысціна Шыянок, распавядае Радыё “Свабода”.

Падчас з’езда абмеркавалі розныя аспекты працы дыяспары — ад супрацоўніцтва з Пераходным кабінэтам да праблемы легалізацыі грамадзянаў Беларусі пасля пачатку вайны Расеі супраць Украіны і даступнасці банкаўскіх паслугаў.

Асобнай рэзалюцыяй удзельнікі з’езду выказалі падтрымку народу Ўкраіны. «Мы звяртаемся да Рады БНР, Аб’яднанага пераходнага кабінету, да ўсіх арганізацый беларусаў замежжа, да нашых добраахвотнікаў ва Ўкраіне з заклікам распачаць больш эфэктыўны і практычны дыялог дзеля кансалідацыі дзеянняў, накіраваных на перамогу над агрэсарам ва Ўкраіне і ў Беларусі. Мы верым, што перамога Ўкраіны стане працягам і завяршэньнем беларускай мірнай рэвалюцыі і скончыць ганебную эру праўлення Лукашэнкі», – гаворыцца ў дакуменце.

Аб тым, што ў Чэхіі рыхтуецца з’езд тамтэйшых беларусаў стала вядома ў сярэдзіне верасня 2022 года.