Беларусы Галандыі перадалі ва Ўкраіну 120 аўтамабіляў хуткай дапамогі
11 студзеня 2023
136

Цягам 2022 года дыяспара ў Галандыі праз дабрачынны фонд “Ветразі свабоды” перадала ва Ўкраіну 120 аўтамабіляў хуткай медыцынскай дапамогі і больш за 1000 веласіпедаў. Галандскія беларусы лічаць, што Лукашэнка дапамагае рыхтаваць чарговы расійскі наступ на Ўкраіну.

Мы працягваем дапамагаць Украіне машынамі хуткай дапамогі, медычным абсталяваннем, медыкаментамі, тактычнай медыцынай”, – цытуе прадстаўніка ініцыятывы Зміцера Жалезьнічэнку радыё “Рацыя”.

Паводле яго, усе пераданыя аўтамабілі ўкамплектаваныя, з медыкаментамі і іншымі медычнымі сродкамі. Веласіпеды пойдуць валанцёрам і медыцынскім супрацоўнікам.

Беларусы ў Галандыі занепакоены ўсё больш шчыльным супрацоўніцтвам беларускага і расійскага дыктатараў. “З’яўляецца ўсё больш і больш трывожных прыкмет таго, што Лукашэнка дапамагае Пуціну рыхтаваць чарговы наступ на Ўкраіну. Тэрыторыя Беларусі паслядоўна выкарыстоўваецца расейскімі вайскоўцамі для правядзення нападаў на грамадзянскую інфраструктуру“, – гаворыцца ў Твітары Народнай амбасады Беларусі ў Галандыі.