Беларусы просяць аб магчымасці доўгатэрміновага знаходжання ў Турцыі
23 верасня 2022
143

Петыцыя з просьбай да ўлад Турцыі аб дазволе на доўгатэрміновае пражыванне ў ёй беларусаў з’явілася ў інтэрнэце на платформе Сhange.org. У гэтай краіне пачасціліся выпадкі адмовы нашым суайчыннікам у відзе на жыхарства.

Падпісанты петыцыі адразу дзякуюць за магчымасць жыць і працаваць у турэцкай краіне і адзначаюць, што з-за вайны Беларусь пакідаюць дзесяткі тысяч чалавек. Прычым многія з’язджаюць, не маючы часу на зборы — без рэчаў, грошай і разумення дзе начаваць у чужой краіне.

Мы – людзі рознага лёсу і розных прафесій, але нас аб’ядноўвае Турцыя: тут мы знайшлі свой другі дом. Мы не можам вярнуцца на радзіму, як і ўкраінцы, як і расейцы, якія выступаюць супраць вайны”, – говорыцца ў петыцыі. Там жа падкрэсліваецца, што “мы не хочам вайны і просім улады Турцыі і міжнародныя арганізацыі даць беларусам міжнародную абарону і магчымасць доўгатэрміновага знаходжання на тэрыторыі Турцыі”.

Паводле петыцыі, пачасціліся выпадкі адмовы беларусам у прадастаўленні і падаўжэнні віду на жыхарства ў Турцыі. “Пасля перыяду пандэміі многія з нас працуюць выдалена і атрымліваюць даходы з-за мяжы, але гатовыя інвеставаць у эканоміку Турцыі, жыць і развівацца тут, спрыяць росквіту краіны, якая дала нам надзею на спакойнае жыццё”, – адзначаюць падпісанты, якіх на момант напісання артыкула было 94 чалавекі.

Згодна турэцкіх законаў, каб атрымаць доўгатэрміновы від на жыхарства ў Турцыі ў 2022 годзе, замежны грамадзянін павінен выканаць усе ніжэйпададзеныя патрабаванні:

тэрмін пражывання ў Турэцкай Рэспубліцы мінімум 8 гадоў;
на працягу апошніх трох гадоў ад замежнага грамадзяніна не паступалі заявы аб фінансавай падтрымцы ад дзяржавы;
фінансавая стабільнасць, што пацвярджаюць банкаўскія выпіскі і заработная плата па месцы афіцыйнага працаўладкавання;
ёсць прыватная медыцынская страхоўка;
адсутнічае судзімасць.

Новыя правілы ў 2022 годзе прадугледжваюць падачу заявы на доўгатэрміновы від на жыхарства нават у выпадку раней атрыманага турыстычнага. Але тэрмін пражывання ў краіне па турыстычным ВНЖ не будзе ўлічаны пры падліку дзён знаходжання, што абавязкова варта ўлічваць замежным гасцям турэцкага дзяржавы, піша International Wealth.