Другая гадавіна стаўшай лёсавызначальнай датай у гісторыі Беларусі – 9 жніўня 2020 года не можа застацца па-за ўвагай вялікай колькасці раскіданых па свеце беларусаў. У амаль трох дзясятках замежных гарадоў рыхтуюцца прымеркаваныя да яе масавыя акцыі пад агульнай назвай “Дзень годнасці”. Першы запланаваны ў польскім Быдгашчы.
Згодна размешчанай у тэлеграм-канале “Беларусы зарубежья” інфармацыі, акцыі-напаміны плануецца правесці не менш як у 26 гарадах свету.
Ужо сёння, 6 жніўня 2022 году, у гонар падзей двухгадовай даўніны ў Быдгашчы (Польшча) прымеркаваны паказ дакументальнага фільму «Кураж» беларускага рэжысёра Аляксея Палуяна, паведамляе тэлеграм-канал “Беларусы Быдгашча і Торуня“. Дэманстрацыя фільму запланавана на 13:30 па адрасе Gdańska 5 (уваход за данат, каб акупіць ліцэнзію на паказ).
Пасля фільма, а 16:00, усіх жадаючых запрашаюць на мітынг недалёка ад месца прагляду – на мосце па вуліцы Маставой (Most Jerzego Sulimy-Kamińskiego).
7 жніўня акцыі “Дня годнасці” запланаваны ў Варшаве, Познані, Беластоку (Польшча), Вашынгтоне, Філадэльфіі (ЗША), Брусэлі (Бельгія) і Лондане (Вялікабрытанія).
У аўстрыйскай сталіцы Вене беларусы маюць намер сабрацца 8 жніўня.
Большасць акцый мусяць быць праведзены 9 жніўня, у асноўны дзень галасавання два гады таму. Яны запланаваны ва Ўроцлаве, Кракаве, Гданьску, Шчэціне (Польшча), Вільні, Клайпедзе (Літва), Берліне (Германія), Стакгольме (Швецыя), Эдынбургу (Вялікабрытанія), Тбілісі (Грузія).
13 жніўня плануюцца акцыі ў амерыканскіх Сан-Францыска і Троі (штат Мічыган), а таксама ў сталіцы Фінляндыі Хельсінкі.
Чыкага і Бостан, магчыма, пабачаць беларускія масавыя мерапрыемствы 14 жніўня 2022 года.
У сваю чаргу на старонцы dze.chat збіраюцца анонсы мерапрыемстваў, прымеркаваных да другой гадавіны лёсавызначальных для Беларусі падзей.