
Народнае пасольства Беларусі ў Швецыі шкадуе з-за пазіцыі главы МЗС Украіны Дзмітрыя Кулебы датычна візавых абмежаванняў для беларусаў і выступае за аблягчэнне доступу грамадзян РБ да шэнгенскіх віз.
Як адзначаюць шведскія беларусы, нядаўна Дзмітрый Кулеба пабываў з візітам у Швецыі, дзе ў чарговы раз выступіў за больш жорсткія правілы атрымання шэнгенскіх віз беларусамі.
“Мы, беларусы, безумоўна стаім на баку Украіны ў вайне супраць расейскіх фашыстаў. Без свабоднай Украіны не будзе свабоднай Беларусі. Мы будзем трымацца разам”, – вызначаюць сваю пазіцыю адносна расійска-ўкраінскай вайны шведскія беларусы.
Пры гэтым яны просяць не ізаляваць беларускі народ. “Не ізалюйце беларускі народ. Не выключайце нас з еўрапейскіх каштоўнасцяў. Давайце не будзем заставацца закладнікамі вар’яцкага дыктатара. У нас таксама ёсць права на свабоду. Палегчыце для беларусаў падачу заявы на шэнгенскую візу. Не перашкаджайце нам шукаць прытулку. Мы не раскошныя турысты на пляжах Паўднёвай Еўропы”, – кажуць нашы суайчыннікі ў звароце, апублікаваным на старонцы Народнага пасольства Беларусі ў Швецыі ў Facebook.
Пры гэтым яны заклікаюць Украіны тэрмінова прызнаць Святлану Ціханоўскую законным прадстаўніком Беларусі і ўсталяваць дружалюбныя адносіны, а таксама замяніць дыпламатычныя адносіны з фашысцкім рэжымам у Мінску на ўзроўні паслоў прадстаўніцтвам на больш нізкіх узроўнях.
Дзмітрый Кулеба таксама прысутнічаў на нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін Еўрасаюза ў Празе 31 жніўня 2022 года. Там ён заявіў, паводле Reuters, што забарона на выдачу віз расейскім турыстам і некаторым іншым катэгорыям “стане адэкватным адказам на генацыдную агрэсіўную вайну Расіі ў самым сэрцы Еўропы”.
Неабходнасць увесці візавыя абмежаванні для грамадзян РБ Дзмітрый Кулеба выказваў таксама напрыканцы жніўня 2022 года ў інтэрвью “Радыё Свабода”. Прычынай гэтага ёсць саўдзел Беларусі ў расійскай агрэсі на Ўкраіну.
Матэрыялы па тэме: