Беларусы ў Амерыцы далучыліся да Амерыканскай кааліцыі за Ўкраіну
6 студзеня 2023
147

Асацыяцыя беларусаў у Амерыцы (АВА) сцвярджае, што стала першай беларуска-амерыканскай арганізацыяй, якая далучылася да Амерыканскай кааліцыі за Ўкраіну.

Амерыканскія беларусы, аб’яднаныя ў даную асацыяцыю выступаюць за перамогу Ўкраіны і яе бяспеку, гаворыцца ў паведамленні іх тэлеграм-канала. Яны таксама адзначаюць, што падтрымліваюць права Ўкраіны на самавызначэнне і тэрытарыяльную цэласнасць; свабодныя дэмакратычныя і грамадзянскія інстытуты ва Ўкраіне; павагу правоў чалавека і чалавечай годнасці ва Ўкраіне; эканамічнае аднаўленне і росквіт Украіны, а таксама ўказваюць, што Ўкраіна абараняе свой народ ад знешняй агрэсіі.

Амерыканская кааліцыя за Ўкраіну верыць у дэмакратыю, свабоду, правы чалавека і годнасць для ўсіх людзей, і асабліва для ўкраінцаў, якія аддаюць свае жыцці ў абарону гэтых прынцыпаў. Нашы партнёры па кааліцыі называюць Злучаныя Штаты домам, але многія з нас маюць гістарычны вопыт прыгнёту, гвалту і вайны ў нашых краінах паходжання і на радзіме продкаў — шмат разоў ад рук расійскага імперыялізму. Мы ўсім сэрцам падтрымліваем Украіну ў яе абароне агульначалавечых каштоўнасцяў свабоды і чалавечай годнасці”, – гаворыцца ў паведамленні.

Пакуль на сайце Амерыканскай кааліцыі за Ўкраіну сярод 42 яе партнёраў Асацыяцыя беларусаў у Амерыцы не пазначана.

Нагадаем, што ў верасні 2022 года калектыў Чарнігаўскай абласной бальніцы падзякаваў амерыканскім беларусам за дапамогу ў набыцці рэнтген-апарата.