Беларусы ў Гаазе рыхтуюць акцыю ў гонар масавых пратэстаў 2020 года
12 жніўня 2022
86

Выйсці 13 жніўня 2022 года са сцягамі і партрэтамі палітвязняў да пасольства Рэспублікі Беларусь у Гаазе (Галандыя) заклікаюць пражываючыя там беларусы.

«Мiнула 2 гады як у Беларусi пачаліся масавыя народныя пратэсты. Мы з вамі тады таксама былі ў Гаазе і бачылі падлік галасоў, паводле якога 90% прагаласавалі супраць Лукашэнкі. Жнівень 20-га стаў унікальным пераломным момантам у найноўшай гісторыі Беларусі. Раптам увесь свет скіраваў свае позіркі на дыктатара ў цэнтры Еўропы, на нашую барацьбу супраць аўтарытарнага рэжыму», – гаворыцца ў паведамленні на старонцы ініцыятывы Belarus Solidariteit у Facebook.

Галандскія беларусы ўзгадваюць, што ў жніўні 2020 года тысячы беларусаў выйшлі на вуліцы, каб падтрымаць Святлану Ціханоўскую і патрабаваць справядлівы падлік галасоў.

«Усе вы ведаеце, якія падзеі адбываліся далей. Зараз у Беларусі 1262 палітвязні, тысячы беларусаў былі вымушаныя з’ехаць альбо былі пакараныя за свае перакананні. Мы хочам ізноў сабрацца разам і падтрымаць кожнага, хто пацярпеў за сваю веру ў свабодную Беларусь. Паказаць, што мы супраць вайны з Украінай! Мы супраць акупацыі Беларусі!» – гаворыцца ў абвестцы.

Арганізаты заклікаюць далучыцца да іх і выйсці да пасольства РБ у Гаазе са сцягамі, плакатамі і фотаздымкамі палітвязняў. Плануецца, што акцыя будзе цягнуцца з 14 да 16 гадзін мясцовага часу.