Беларусы ў Кракаве, Труймясце і Дрэздэне правялі акцыі ў гонар Алеся Бяляцкага
9 кастрычніка 2022
176

Прысуджэнне Нобелеўскай прэміі міру праваабаронцу Алесю Бяляцкаму выклікала задавальненне ў дыяспары. 9 кастрычніка 2022 года беларусы ў Польшчы і Германіі адзначылі яго правядзеннем акцый.

Нагадаем, што сёлетняя прэмія прысуджана кіраўніку ліквідаванага лукашэнкаўскім рэжымам у Беларусі Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесю Бяляцкаму, расійскай праваабарончай арганізацыі “Мемарыял”, якую ліквідавалі пуцінскія ўлады, і праваабарончай арганізацыі з Украіны “Цэнтр грамадзянскіх свабод”.

Беларусы Кракава ганарацца выбітным суайчыннікам, Нобэлеўскім лаўрэатам Алесем Бяляцкім і патрабуюць яго імклівага вызвалення з-за кратаў. Свабоду палітвязням! Свабоду Бяляцкаму!” – з такімі лозунгамі выйлі нашы суайчыннікі ў Кракаве. Яны праслаўлялі Ўкраіну, Беларусь і пажадалі смерці дыктатарам, піша тэлеграм-канал “Белорусы зарубежья”.

Таксама беларусы польскага Труймяста (гарады Гданьск, Сопат і Гдыня) на сваёй акцыі салідарнасці таксама далучыліся да віншаванняў усіх праваабаронцаў, асабліва нашага суайчынніка Алеся Бяляцкага, з атрыманнем ганаровай нагароды – Нобелеўскай прэміі міру, распавядае той жа тэлеграм-канал.

У Дрэздэне падчас кінапаказу фільма Courage на фестывалі «Move it» рэжысёр Аляксей Палуян і мастачка Руфіна Базлова таксама арганізавалі акцыю ў падтрымку Алеся Бяляцкага. “Удзельнікі кінапаказу атрымалі паштоўкі з партрэтам і кароткай біяграфіяй лаўрэата Нобелеўскай прэміі, а таксама адрас турмы для лістоў падтрымкі і віншаванняў”, – паведамляе тэлеграм-канал Праваабарончыга цэнтру “Вясна”.

Фота і відэа: тэлеграм-каналы “Белорусы зарубежья” і Праваабарончага цэнтру “Вясна”