Беларусы ў Латвіі ўшанавалі герояў украінскай “Нябеснай сотні”
20 лютага 2023
158

У Рызе беларусы і ўкраінцы Латвіі ўзялі ўдзел у сусветнай акцыі “Анёлы памяці – 2023“, прысвечанай героям Нябеснай сотні – людзям, якія загінулі ў 2014 годзе на кіеўскім Майдане. Дзень Герояў Нябеснай cотні адзначаецца 20 лютага.

Каля помніка Тарасу Шаўчэнкі ў Рызе ў нядзелю, 19 лютага 2023 года, запалілі знічы, развесілі выразанкі анёлаў пад украінскую песню “Плыве кача”, ўзклалі кветкі і слухалі панахіду, паведамляе тэлеграм-канал “Беларусы зарубежья”.

Удзельнікі мерапрыемства ўшанавалі памяць загінуўшых, у тым ліку Героя Ўкраіны беларуса Міхася Жызнеўскага. У гонар яго  прагучаў верш Эдуарда Акуліна “Па сэрца ў крыві Ўкраіна…”.

Ва Ўкраіне 20 лютага адзначаюць Дзень Герояў Нябеснай cотні, ушаноўваючы подзвіг удзельнікаў Рэвалюцыі Годнасці. Менавіта ў гэты дзень у 2014 годзе загінула больш за ўсё актывістаў Еўрамайдана, піша “Укринформ“.

Нагадаем, што 26 студзеня 2023 года беларусы ў Кіеве разам з прадстаўнікамі Палка Каліноўскага ўшанавалі памяць Міхася Жызнеўскага і іншых загінуўшых за свабоду суайчыннікаў.

Памяць Жызнеўскага была ўшанавана і 22 студзеня 2023 года ва ўкраінскім Львове. Таксама быў надрукаваны плакат у яго гонар.

Даведка: Міхась Жызнеўскі (1988, Гомель — 2014, Кіеў) — кавалер ордэна Героя Нябеснай сотні, пазаштатны карэспандэнт украінскай газеты «Саборная Кіеўшчына», грамадзянін Беларусі. Раніцай 22 студзеня 2014 года ў бяззбройным стане быў забіты стрэлам паляўнічай кулі ў сэрца на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве падчас Еўрамайдана.

Фота: тэлеграм-канал “Беларусы зарубежья”