Беларусы ў Польшчы, Грузіі і Галандыі выйшлі на антываенныя акцыі
17 кастрычніка 2022
175

Дыяспара прыймала актыўны ўдзел 16 кастрычніка 2022 года ў акцыях, якія прайшлі ў розных краінах з асуджэннем расійскай агрэсіі на Ўкраіну.

Так, беларусы польскага Шчэціна сабраліся, каб падтрымаць Украіну, якая вызваляе свае тэрыторыі. Таксама яны выказалі падтрымку Грузіі, якая ад пачатку вайны прыймае ўсіх уцекачоў, нязгодных з рэжымам Пуціна, і выказалі пратэст супраць выкарыстання расійскімі войскамі Беларусі ў якасці плацдарма для нападу на Ўкраіну, распавядае тэлеграм-канал “Баста“.

Больш масавая акцыя з удзелам беларусаў прайшла ў грузінскім Батумі. “Вельмі важна падтрымліваць украінцаў у гэтай вайне. А чаму менавіта беларусам трэба ўдзельнічаць у гэтых акцыях? Бо мы дасягнем вызвалення Беларусі толькі праз вызваленне Украіны“, – цытуе Радыё “Рацыя” ўдзельнікаў маніфестацыі.

Правёўшы 20-хвілінны мітынг у цэнтры Батумі, яны прайшлі шэсцем да набярэжнай. У вечаровы час там многа турыстаў, якім нагадалі пра вайну ва Ўкраіне, дзе штодня гінуць людзі.

Беларусы разам з украінцамі выйшлі і на акцыю ў Тбілісі, паведамляе тэлеграм-канал “Баста“.

На беларуска-ўкраінскай антываеннай акцыі ў галандскім Амстэрдаме яе ўдзельнікі асудзілі ўвод расійскіх войск у Беларусь і падтрымалі беларускіх уцекачоў, распавядаецца ў чаце “Беларусы Нидерландов“.

Фота і відэа: Радыё “Рацыя”, тэлеграм-канал “Баста”, чат “Беларусы Нидерландов”