Беларусы ў Швецыі ўзгадалі ахвяр камунізму і нацызму
24 жніўня 2022
176

У Стакгольме 23 жніўня 2022 года прайшла маніфестацыя, прысвечаная памяці ахвяр камунізму і нацызму. Сярод прадстаўнікоў розных народаў там была і беларуская дыяспара.

«Былі запалены свечы ў памяць тых, хто загінуў пры дэпартацыі са сваёй зямлі ў гады савецкай калектывізацыі і ад невыносных умоваў існавання і непасільнай працы ў Сібіры; у памяць, загінулых ад Галадамору; у памяць ахваряў ГУЛАГу; у памяць растраляных, закатаваных, скалечаных маральна і фізічна савецкай уладай людзей. Гэта мільёны людзей. Гэта разбітыя сем’і, ненароджаныя дзеці, скажоныя лёсы», – піша тэлеграм-канал «Беларусы ў Швецыі».

У паведамленні адзначаецца, што з прамовамі сярод іншых выступалі прадстаўнікі беларускай, украінскай і эстонскай дыяспар, паслы Літвы і Эстоніі. «Як яскравы праменьчык свету, выступілі з песнямі украінскія дзеткі, дзякуючы гэтаму моманту становіцца зразумела, што жыццё і дабро пераможа. Па іншаму быць не можа!» – адзначаюць швецкія беларусы.

Міжнародны дзень памяці ахвяр камунізма і нацызма ўзгадвае аб тым, што 23 жніўня 1939 года камуністычны Савецкі Саюз і нацысцкая Германія падпісалі міждзяржаўны дагавор, вядомы як пакт Молатава-Рыбентропа (альбо Гітлера-Сталіна). Сакрэтныя пратаколы пакта прадугледжвалі раздзяленне Еўропы на дзве сферы ўплыву – нацысцкую і камуністычную. Пакт стварыў умовы для пачатку Другой сусветнай вайны ў Еўропе, а таксама абазначыў пачатак знішчэння незалежных дзяржаў і масавых ідэалагічных рэпрэсій, у выніку чаго былі зняволены ў турмы і забіты мільёны людзей.

Фота і відэа: тэлеграм-канал “Беларусы Швецыі”