
На сваёй штотыднёвай нядзельнай акцыі 12 лютага 2023 года варшаўскія беларусы выказалі мяркаванні, датычныя “камісіі па вяртанні беглых”, якую стварыў Аляксандр Лукашэнка са сваіх памагатых.
У акупаванай Беларусі была створана “камісія па вяртанні беглых”. Сярод чальцоў ёсць сумнавядомы Баскаў – чалавек, які падазраецца у забойстве Рамана Бандарэнкі, прапагандыст Азаронак і сумнеўны персанаж Васкрасенскі. Беларусам Варшавы ёсць, што перадаць гэтай камісіі, распавядае тэлеграм-канал “Беларусы зарубежья”.
“Камісіі па вяртанні беглых” мы перадалі ўсё, што пра іх і іх выселкі думаем. Ніякі адэкватны беларус не будзе ні вяртацца, ні прасіць прабачэння за сваё меркаванне. А вось, Лукашэнка і яго халуі будуць прасіць прабачэнне на судзе, які ўсіх іх неўзабаве чакае”, – распавядае тэлеграм-канал “Беларусы Варшавы”.
Да акцыі далучыўся таксама былы палітычны зняволены, блогер і актывіст з Брэста Аляксандр Кабанаў.
Адзначым, што варшаўскія беларусы рэгулярна выходзяць штотыдзень на нядзельныя акцыі, прыцягваючы ўвагу да сітуацыі ў Беларусі. Так, 15 студзеня 2023 года яны далі свой адказ на патрабаванне правесці акцыю за адмену антылукашэнкаўскіх санкцый, якое прагучала з боку члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Алега Дзьячэнкі. Паводле яго, нязгодныя з рэжымам беларусы, якія з’ехалі за мяжу, могуць вярнуцца ў Беларусь «раскаяться» і «сотворить достойный плод покаяния». “Пусть проведут митинги в Варшаве, Вильнюсе, других западных государствах за снятие неправомерных, необоснованных санкций против нашей страны“, – прапанаваў ён.
У сваю чаргу 13 студзеня 2022 года некалькі беларусак з дыяспары ў польскім Беластоку заявілі аб жаданні бачыць Аляксандра Лукашэнку ў Гаазе, дзе з яго будуць зняты ўсе санкцыі. “Вольныя беларускі Беластока” нагадалі прыхільнікам і пасобнікам дыктатуры, што “лепш Лукашэнка ў Гаазе, чым усё вы з ім разам ў Нюрнбергу”.
Фота і відэа: тэлеграм-каналы “Беларусы зарубежья” і “Беларусы Варшавы”
Матэрыялы па тэме: