Беларусы Варшавы выказалі пратэст дамоўленасцям афіцыйнага Мінску з Пуціным
19 снежня 2022
160

Варшаўскія беларусы выйшлі на мітынг пратэста 18 снежня 2022 года супраць усялякіх пагадненняў Аляксандра Лукашэнкі з расійскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным, прыгадаўшы, што ў Мінску няма легітымнай улады.

У панядзелак (19 снежня 2022 года – Дыяспара.info) Пуцін збіраецца наведаць у Мінску Лукашэнку. Два крывавых дыктатары сустрэнуцца, каб абмеркаваць дзеянні супраць сваіх народаў і народа Ўкраіны, што мужна змагаецца за сваю зямлю”, – перадае словы варшаўскіх беларусаў тэлеграм-канал “Беларусы зарубежья”.

Яны нагадалі, што Лукашэнка не з’яўляецца легітымным прадстаўніком беларускага народу. “Ён разам са сваімі памагатымі толькі і думае, як зрабіць рабоў і гарматнае мяса з беларусаў. А тых, хто з гэтым не згодны, садзіць у турмы, катуе і забівае”, – адзначалі мітынгоўцы, падкрэсліваючы, што ніякія паперкі нелегітымнай улады і не важныя.

Новыя недазаконы, якія з’яўляюцца ў іх галовах, плануюць пазбаўляць грамадзянства людзей, што змагаюцца за свабоду сваёй краіны. Але ніякія паперкі і законы не важныя. Важна тое, што ў нашых сэрцах мы ўсе і назаўсёды годныя Беларусы”, – цытуе пратэстучых тэлеграм-канал “Акцыі беларусаў Варшавы”.

Адзначым, што варшаўскія беларусы рэгулярна выходзяць штотыдзень на нядзельныя акцыі, прыцягваючы ўвагу да сітуацыі ў Беларусі. Гэтаму, як вынікае з акцыі 18 снежня 2022 года, не перашкодзіла нават і тое, што раней з-за пагроз ў свой бок удзел у арганізацыі акцый спыніла актывістка суполкі “Беларусы Варшавы” Юлія Сліўко.

Фота і відэа: тэлеграм-каналы “Беларусы заруюежья”, “Акцыі беларусаў Варшавы”, “Баста”