Беластоцкія ўлады віталі Марш годнасці беларускай дыяспары
7 жніўня 2022
184

У гонар запланаванай 7 жніўня 2022 года беларускай дыяспарай у польскім Беластоку маніфестацыі «Марш годнасці», мясцовыя ўлады даслалі прывітанне і вывесілі бел-чырвона-белыя сцягі.

Свае віншаванні арганізатарам і будучым удзельнікам акцыі сёння выказаў маршалак Падляскага ваяводства, цэнтрам якога ёсць Беласток, Артур Касіцкі.

Марш адбудзецца з нагоды другой гадавіны прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, якія лукашэнкаўская ўлада сфальсіфікавала, а пасля пачаліся буйныя палітычныя рэпрэсіі супраць беларусаў.

Марш пачнецца ў 16:00 ад помніка Пілсудскаму на плошчы Касцюшкі. Скончыцца акцыяй ля консульства Беларусі. Да ўдзелу ў мерапрыемстве запрашаюць усіх ахвотных.

Арганізатары лічаць, што на Марш годнасці трэба ісці, каб паказаць усяму свету і беларусам унутры краіны, што старонка не перагорнутая і барацьба супраць дыктатуры Лукашэнкі працягваецца, распавядаецца ў тэлеграм-канале «Беласток | Білосток | Белосток».