Беласток, Ціханоўская з кнігай і Нобель на даляглядзе
3 кастрычніка 2022
328

Лідэр беларускага пратэста Святлана Ціханоўская 3 кастрычніка 2022 года наведала польскі Беласток, дзе сустрэлася з мясцовымі ўладамі і паўдзельнічала ў прэзентацыі кнігі пра саму сябе. 

Прэзентацыя кнігі Lodołamaczka. Swiatłana Cichanouska, якую напісаў журналіст газеты Rzeczpospolita Руслан Шошын, у Беластоку не была першай у Польшчы. Так, выданне ўжо было прадстаўлена 2 кастрычніка 2022 года ў Кракаве.

Перад тым як прыехаць на прэзентацыю ў Księżnicę Podlaską на вуліцы Марыі Кюры-Складоўскай, Святлана Ціханоўская з прадстаўнікамі свайго офісу сустрэлася з мэрам Беластока Тадэвушам Трускаляскім. “Я з вялікай радасцю сустрэўся сёння ў Беластоку са Святланай Ціханоўскай, лідарам беларускай апазіцыі, кандыдатам у прэзідэнты Беларусі на апошніх фальсіфікаваных выбарах 2020 года. Размаўлялі мы аб вуліцы Вольнай Беларусі ў нашым горадзе (пастанова аб гэтым была прынята  гарадской радай тыднем раней) і мерах мясцовага самакіравання па падтрымцы беларускай дыяспары”, – напісаў потым у Facebook беластоцкі граданачальнік.

Ушанаваў прыезд Ціханоўскай у Беласток і маршалак Падляшскага ваеводства Артур Касіцкі. Прывітальны ліст ад яго быў зачытаны перад прэзентацыяй кнігі. Уласна прэзентацыя была названая літаратурнай сустрэчай. Хаця ёй больш пасавала б азначэнне “палітычна-літаратурная”. На мерапрыемства прыйшлі прадстаўнікі дыяспары, беларускай меншасці, разнастайных польскіх арганізацый, мясцовыя палітыкі.  

Вёў сустрэчу літаратар і журналіст Міхась Андрасюк, перакладчыкам выступаў яго калега Мікола Ваўранюк. Першыя пытанні былі да аўтара кнігі Руслана Шошына, які адзначыў, што сапраўды слова lodołamaczka адсутнічае ў польскай мове, як і ў беларускай “ледаколка”. Адпаведныя словы мужчынскага роду – lodołamacz і ледакол не маюць жаночай вытворнай, але пісьменніку хацелася паказаць жаночы твар беларускай рэвалюцыі і тое, што змянілі жанчыны ў беларускай палітыцы. “Але гэта не ода Ціханоўскай”, – запэўніў Шошын, адзначаючы, што ідэя напісаць кнігу ў яго ўзнікла ўлетку 2021 года.

Большая частка пытанняў была непасрэдна да Святланы Ціханоўскай. Тычыліся яны і “мудрага Пуціна”, і яе галасавання ў 2001 годзе за Лукашэнку, і прыходу ў палітыку, і цяперашняга яе самаўсведамлення.

Паводле Ціханоўскай, называць Пуціна мудрым падштурхоўваў кантэкст 2020 года, калі яна і яе акружэнне не хацелі, каб Расія ўмешвалася ў беларускія справы. “Зараз я б ужо не была б такой дыпламатычнай, асабліва калі Крэмль сказаў, што Ўкраіна і Беларусь не мусяць быць асобнымі дзяржавамі”, – паведаміла палітык, адзначыўшы, што вяртанне да нармальных стасункаў з Расіяй магчыма толькі пасля змены ўлады як ў той краіне, так і ў Беларусі.

Для многіх было адкрыццём, што Ціханоўская ў 2001 годзе, калі ёй споўнілася 18 гадоў, галасавала за Аляксандра Лукашэнку. Яна тлумачыла гэта маладосцю, прыкладам бацькоў і адсутнасцю інфармацыі ў яе родных Мікашэвічах аб іншых кандыдатах. Нагадаем, што тагачасныя так званыя выбары прэзідэнта праходзілі на фоне гучных расповядаў аб эскадронах смерці і імавернай датычнасці акружэння Лукашэнкі да палітычных знікненняў.

Адсутнасць якога-кольвечы досьведа ў палітыцы да 2020 года Святлана Ціханоўская не хавала. Таму і ўсё лёсавызначальныя для яе рашэнні ў той год прымала выключна эмацыйна – з-за кахання, як яна сама і прызналася ўдзельнікам сустрэчы. Першае рашэнне – пайсці кандыдатам на выбары – было прынята з-за кахання да мужа Сяргея Ціханоўскага, якога лукашэнкаўскія ўлады не зарэгістравалі гэтым самым кандыдатам, а цяпер ён без віны пакутуе ў засценках. Другое – аб выездзе з Беларусі ў Літву пад запалохванне лукашэнкаўскімі спецслужбамі – з-за кахання да дзяцей. І другое рашэнне магло б быць іншым, калі б была нейкая падрыхтоўка да сустрэч з супрацоўнікамі дзяржбяспекі, разважала Ціханоўская. “За два месяцы ў тым палітычным віхуры нікому з маіх паплечнікаў не прыйшло ў галаву, што трэба мяне навучыць, як з імі размаўляць, што яны могуць, што яны не могуць”, – прызналася Ціханоўская.

Цяпер жа, як сцвярджае лідэр беларускага пратэста, яна змянілася. Адзначае, што стала больш упэўненая ў сабе, без унутранай напружанасці сустракаецца з людзьмі, а не так як на першых спатканнях, якія праходзілі разам з Машай і Веранікай (маецца на ўвазе Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала).

Разам з тым, запэўнівае Ціханоўская, яна засталася тым жа чалавекам, адкрытым да людзей. “Маё сумленне перад беларусамі чыстае”, – катэгарычна кажа палітык. “Святлана Георгіеўна чалавекам прыйшла ў палітыку, і чалавекам у ёй засталася”, – уторыў ёй Шошын, які адзначыў, што кніга, у прыватнасці, паказвае якія змены адбыліся ўласна ў гераіні яго друкаванага расповяду.

Я моцная, калі адчуваю вас. Без вас я нічога не значу”, – заявіла Святлана Ціханоўская, заклікаўшы працягваць барацьбу – пісаць лісты палітвязням, выхадзіць на акцыі пратэсту і салідарнасці, размаўляць з людзьмі. 

Напрыканцы сустрэчы Міхась Андрасюк паведаміў, што дырэктар Нарвежскага інстытуту даследавання праблем міру Генрык Урдал апублікаваў свой шорт-ліст кандыдатаў на Нобелеўскую прэмію міру 2022 года. На першым месцы ў ім Святлана Ціханоўская і Аляксей Навальны.

Уладзімір Лапцэвіч

На фота злева направа: Андрасюк, Шошын, Ціханоўская, Ваўранюк