BEROС: інтарэсы беларускіх прадпрымальнікаў за мяжой эфектыўна прадставяць аб’яднанні
13 кастрычніка 2022
42

Даследчы цэнтр BEROС прадставіў грамадскасці сваю новую працу “Беларускі бізнес за мяжой”, выснова з якой – беларускім прадпрымальнікам дапамогуць іх бізнэс-аб’яднанні.

Навукоўцы даследавалі праблемы беларускага бізнэса ў трох суседніх з Беларуссю краінах з кастрычніка 2021 года па жнівень 2022 года. Было апытана 87 прадстаўнікоў беларускага бізнэса ў замежжы.

Як аказалася, ва Ўкраіне найбольш праблем у нашых прадпрымальнікаў было з легалізацыяй і частымі выпадкамі падману, паведамляе тэлеграм-канал “Позірк”.

У Польшчы цяжка вырашаюцца пытанні з атрыманнем працоўных віз, ёсць складанасці з бухгалтэрыяй, бюракратыяй. Бізнэсмены з Беларусі лічаць высокімі польскія падаткі.

У Літве – невялікі ўнутраны рынак, банкі ставяцца даволі насцярожана да кліентаў з Беларусі, ёсць праблемы з недахопам кваліфікаваных кадраў, складана легалізоўваць персанал.

Падчас правядзення даследавання сітуацыя з легалізацыяй беларусаў за мяжой у цэлым пагоршылася, а сітуацыя з рэгістрацыяй юрыдычных асоб, адкрыццём банкаўскіх рахункаў у краінах-рэцыпіентаў значна ўскладнілася. Да моманту завяршэння даследавання праблемы, звязаныя з санкцыямі і рэпутацыйнымі рызыкамі, выйшлі на першы план, апісвае вынікі даследавання Thinktanks.by.

Навукоўцы лічаць, што зараз вельмі важным з’яўляецца інфармаванне аб праблемах і патрэбах і прадстаўленне беларускага бізнеса ў дзяржаўных органаў краін рэлакацыі. На іх думку, стварэнне бізнэс-аб’яднанняў стане інструментам, які дазволіць рэлацыраванаму бізнесу не толькі вырашаць праблемы адаптацыі і вядзення спраў у прымаючай краіне, але і дазволіць кансалідаваць важную частку беларускага грамадства, павялічыць верагоднасць будучага вяртання яе на Радзіму.

Нагадаем, што ў жніўні 2022 года заснавальніца беларускага бізнес-хаба Imaguru Таццяна Марыніч распавяла ў інтэрвью BPN, што да чвэрці прайдпрымальнікаў-рэлакантаў не збіраюцца вяртацца ў Беларусь, нават у выпадку наступлення дэмакратычных пераменаў у ёй. Аб гэтым сведчыць апытанне праведзенае бізнэс-хабам.

Фота: md-eksperiment.org