БФСС: у Алімпіядзе можа ўдзельнічаць толькі той, хто асудзіў рэпрэсіі і вайну
14 снежня 2022
148

Атлеты з беларускім ці расійскім грамадзянствам, якія публічна асудзілі дзеянні расійскага і беларускага рэжымаў ў дачыненні да развязанай агрэсіўнай вайны і ўнутраных рэпрэсій, вартыя ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях-2024 у Парыжы. Аб гэтым гаворыцца ў заяве Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці (БФСС).

Прычынай з’яўлення заявы арганізацыі свабодных беларускіх спартсменаў сталі паведамленні, што запрашэнне беларусаў і расіян на летнія Алімпійскія гульні-2024 магчыма, калі яны будуць выступаць не пад дзяржаўнымі сцягамі сваіх краін. Аб гэтым ў прыватнасці заявіла старшыня праўлення Алімпійскага і Паралімпійскага камітэта ЗША Сюзана Лайёнс. Крыху раней прэзідэнт МАК Томас Бах паабяцаў вывучыць шляхі рэінтэграцыі спартсменаў з Расіі і Беларусі, якім забаронена ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах з лютага 2022 года, піша “Салідарнасць“.

Рэжымы Расіі і Беларусі развязалі вайну супраць Украіны, а таксама падвяргаюць маштабным рэпрэсіям сваіх уласных грамадзян. Пры гэтым расійскі рэжым не першы раз парушае Алімпійскае перамір’е, а беларускі выйшаў у сусветныя лідэры па колькасці палітычных зняволеных прапарцыянальна колькасці насельніцтва. Сярод палітычных вязняў у Беларусі больш за 30 спартсменаў. Сотні беларускіх спартсменаў і трэнераў былі змушаныя пакінуць краіну, дзясяткі страцілі магчымасць выступаць на Алімпійскіх гульнях з-за сваёй грамадзянскай пазіцыі”, – адзначаецца ў заяве БФСС, распаўсюджанай у тэлеграм-канала фонда, і падкрэсліваецца, што удзел спартоўцаў з Беларусі і Расеі ў буйнейшых міжнародных спартыўных мерапрыемствах недапушчальны, паколькі будзе выкарыстаны як сродак прапаганды.

Пры гэтым БФСС лічыць, што атлеты з беларускім ці расійскім грамадзянствам, якія ў поўнай меры выконваюць прынцыпы Алімпійскай хартыі, могуць быць дапушчаныя да Алімпіяды. Для гэтага яны мусяць выступаць пад нейтральным статусам без гімнаў, сцягоў і іншых элементаў дзяржаўнай сімволікі; публічна асудзіць дзеянні расійскага і беларускага рэжымаў ў дачыненні да развязанай агрэсіўнай вайны і ўнутраных рэпрэсій; далучыцца да Антываеннай дэкларацыі спартсменаў; не мець падтрымку з боку дзяржавы, у тым ліку цесна звязаных з ёй юрыдычных і фізічных асоб.

Таксама не павінны быць дапушчаны на мерапрыемства афіцыйныя прадстаўнікі, спартыўныя функцыянеры, а таксама прадстаўнікі прапаганды Беларусі і Расіі.

БФСС прапануе выкарыстоўваць найлепшыя практыкі ў гэтай сферы, якія існуюць на дадзены момант, і гатовы аказаць садзейнічанне міжнародным спартыўным арганізацыям, прадаставіць рэкамендацыі і неабходныя кансультацыі па гэтым пытанні, гаворыцца ў заяве.

Нагадаем, што ў лістападзе 2022 года Міжнародны паралімпійскі камітэт (МПК) большасцю галасоў прыпыніў членства Паралімпійскага камітэта Беларусі. Тое ж самае адбылося і ў дачыненні паралімпійцаў з Расіі. У кастрычніку 2022 года БФСС дамовіўся аб выступленнях у Польшчы юных беларускіх тэнісістаў.